Главная / Новости / Новости района

Афіцыйны старт кампаніі

29.07.2019

Нягледзячы на шэраг складанасцяў, усе сельгасарганізацыі раёна ўключыліся ў жніво. Амаль усе разабраліся з азімым рапсам і паступова камбайны пераходзяць на жытнёвыя і пшанічныя палі. Заставалася толькі адна замінка – па традыцыі трэба было правесці афіцыйныя зажынкі, аднак прычына затрымкі мерапрыемства, як і ўвогуле для аграрыяў Лепельшчыны, была адна – неспрыяльнае надвор’е. Кожны дзень дажджы замінаюць камбайнам выехаць у поле. Здаецца, з раніцы ўсталёўваецца пагода, неба яснее, сонейка праглядае з-за аблокаў, а ў абед аблокі пераўтвараюцца ў хмары, сонца за іх хаваецца і на зямлю абрынаюцца ліўні. Нарэшце ўдалося ўлучыць пагодлівы дзень, каб сабрацца разам на полі і даць урачысты старт уборачнай кампаніі 2019 года. Сёлета афіцыйныя раённыя зажынкі праводзіліся ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Пражэктар-Агра”, месцам было выбрана жытнёвае поле ля вёскі Сталюгі.

 Шэсць камбайнаў выстраіліся на ўскрайку поля, побач стаялі машына МАЗ і трактар з прычэпам, гатовыя прыняць тоны збожжа новага ўраджаю. Механізатары з нагоды ўрачыстасці апранулі новыя рабочыя касцюмы, усе былі ў прыўзнятым настроі – свята! Камбайнеры ўжо адрамантавалі свае машыны і выпрабавалі іх на рапсе і на першых гектарах збожжавых, усё працуе належным чынам. Хаця сельгастэхніка даволі старая, ад пяці да пятнаццаці гадоў, усё ж у надзейных і вопытных руках працуе. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Полаўцаў расказаў пра пачатак пасяўной:

 -- Пачалі мы, як і належыць, з азімага рапсу. Зжалі яго ўвесь за некалькі дзён і перайшлі на збожжавыя. Тут мы выбіралі, што ўбіраць у першую чаргу, пшаніцу ці жыта? Паспрабавалі і тое, і тое. Жыта выдавала па 25-26 цэнтнераў з гектара, месцамі да 30, азімая пшаніца выдае да 35 ц/га. Як бачым, пшаніца больш ураджайная, там ў першую чаргу пераключыліся на яе ўборку, нельга, каб добры ўраджай доўга стаяў на полі.

 Жытнёвае ж поле для ўрачыстых зажынак выбралі па наступнай прычыне – залішняя вільгаць. Азімая пшаніца ў “Пражэктары-Агра” пасеяна ў асноўным ля Слабады і каля бліжэйшых вёсак, а глебы там гліністыя, пераўвільготненыя дажджамі апошніх дзён. А землі былога калгаса “Радзіма”, куды ўваходзіць і вёска Сталюгі, пясчаныя, добра ўбіраюць у сябе залішнюю ваду. Камбайны і іншая тэхніка на такой глебе не загразнуць, не спатрэбіцца браць іх на буксір.

 На зажынкі прыехалі начальнік райсельгасупраўлення Ігар Мароз, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, а права зжаць першы сноп даверылі старэйшым жыхаркам вёскі Стаі Галіне Фокінай, Валянціне Смажэўскай і Зінаідзе Кулеш. Жанчыны заспявалі старажытную абрадавую песню, з якой спрадвеку пачыналася жніво:

 Перагонь, Божа, тучу ў тую староначку,
У тую староначку, дай, Бог, нам пагодачку,
Дай, Бог, нам пагодачку на гэту работачку,
Каб ніўка была ўраджайная і работа ўдарная.

 Першы жытнёвы сноп быў уручаны Ігару Марозу. Сноп па традыцыі павінен захоўвацца дома на чырвоным куце пад абразамі ажно да наступнага ўраджаю. Ён сімвал жніва, дастатку, дабрабыту, жывая ілюстрацыя народнай мудрасці “Будзе хлеб – будзе і песня”.

 Святар Іаан Вабішчэвіч прачытаў кароткую малітву і асвяціў тэхніку, каб Божае блаславенне і Божая дапамога спрыяла ў святой справе.

 Урачыстую частку не расцягвалі. Яно і не дзіўна, гарачая пара сама сабой прыспешвае рацыянальна выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну. Дырэктар УП “Пражэктар-Агра” Аляксандр Дзямко коратка скамандаваў:

 -- Ураджай мы вырасцілі неблагі. Цяпер самае галоўнае, каб яго ўдалося ўбраць з мінімальнымі стратамі. Каб людзі вытрымалі, каб тэхніка не падвяла. Усё, што мы маглі, зрабілі, цяпер засталося завяршыць. Хлопцы, давайце, з Богам!

 Загулі магутныя рухавікі камбайнаў, спакойна і плаўна машыны ўязджаюць у жытнёвы масіў, жняяркі зразаюць каласы і першае зерне сыпецца ў бункеры -- заўсёды прыемна глядзець, як спорыцца праца хлебаробаў. Гэта эпічная карціна ўнушае грунтоўнасць, упэўненасць і разам з тым зараджае жыццядайнай энергіяй.

 Тым часам улучыў хвілінку, каб пагутарыць са жнеямі. Галіна Савельеўна Фокіна ўспамінае:

 -- Гэта ж якое шчасце – магутныя камбайны, якія адразу зжынаюць і абмалочваюць збажыну. А я ў малаодосці паспела столькі нажаць гэтым сярпом! Уручную жыта жалі, вязалі ў снапы, якія прасыхалі на полі, а потым іх вязлі ў гумно. У нашым калгасе была паравая малацілка, якая на той час была для нас вялікай дапамогай, бо інакш трэба было б малаціць цэпам зноў жа ўручную. У першую чаргу мы малацілі жыта і азімую пшаніцу, каб атрымаць насенне для азімай сяўбы. А потым малацьбу маглі адкласці да больш вольнага часу. Снапы ляжалі пад дахам у гумне, і за іх абмалот маглі брацца ў сярэдзіне восені і малаціць маглі ажно да сярэдзіны зімы.

 Валянціна Якаўлеўна дадае:

 -- Лацвей жаць, калі калоссе роўнае стаіць. Калі ж яно зблытанае, даводзілася цяжка. Нават заданне такое ў калгасах пры Сталіне давалася: зжаў сваю палоску, а потым яшчэ прайдзі па ёй і каласкі, якія зваліліся, падбяры. І не дай Бог узяць хоць каласок сабе дахаты – пасадзяць! А цяпер камбайн усё адразу зжынае і абмалочвае – проста песня.

 Камбайнёры, аграномы, кіраўнікі гаспадарак у размовах у адзін голас выказвалі пажаданне, найперш – каб усталявалася працяглае цёплае сухое надвор’е. Толькі ў такім выпадку ёсць гарантыя, што ўраджай будзе ўбраны ў аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.

Васіль МАТЫРКА.