Главная / Новости / Новости района

Бяспека руху

02.09.2016

Ппачнецца новы навучальны год. З гэтай нагоды дзяржаўтаінспекцыяй праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага — дзеці!", у ходзе якога з 25 жніўня па 5 верасня бягучага года вадзіцелі ўсіх транспартных сродкаў павінны днём увесь час ездзіць з уключаным блізкім святлом фар.

Бяспечнымі для дзяцей павінны быць восем школьных аўтобусаў, якія штодзённа раніцай дастаўляюць вучняў з вёсак Лепельшчыны ў агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы, а ўвечары адвозяць іх дадому. Тым больш, што гэтыя ж аўтобусы адначасова падвозяць дзетак у дзіцячыя сады.

Напярэдадні новага навучальнага года для тэхнічнага агляду школьныя аўтобусы былі сабраны на плошчы Свабоды горада. Іх усебакова правяраў разам са спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дыягнастычнай станцыі №48, транспартнай інспекцыі маёр міліцыі Валерый Лешчанок, які часова выконвае абавязкі начальніка АДАІ Лепельскага РАУС.

Асаблівая ўвага звярталася на спраўнасць сістэмы сігналізацыі, знешніх светлавых прыбораў, іншыя параметры бяспекі. Гэтыя аўтобусы раней ужо паспяхова прайшлі абавязковы тэхнічны агляд, уважліва правяраліся з выкарыстаннем спецыяльнага тэхнічнага і камп'ютарнага абсталявання. Усе прадстаўленыя для тэхнічнага агляду школьныя аўтобусы былі дапушчаны да эксплуатацыі.