Главная / Новости / Новости района

Детский клуб со сладким названием «Карамелька» открыл свои двери

22.11.2017

Сям'я Аляксандра Ляончыка і Ірыны Арловай (жанчына ў шлюбе вырашыла захаваць сваё прозвішча) вельмі адметная. І найперш тым, што змагла зрабіць крок, на які не ўсе адважваюцца — усынавіла дваіхдзяцей.

Зараз у сям'і трое дзяцей. Спачатку з'явіліся ўсыноўленыя Аня і Вася, а крыху пазней нарадзіўся і Захар.

Аня і Вася — родныя сястра і брат, іх біялагічную маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Не будзем апісваць тых жорсткіх умоваў, у якіх былі дзеці, калі іх забіралі органы апекі. Скажам толькі, што дзяўчынка ў свае два гады амаль не вымаўляла ніводнага слоўца, не мела ніякіх навыкаў камунікацыі, узаемаадносін. Першы год сумеснага пражывання і выхавання стаў сапраўдным выпрабаваннем для сям'і. Трэба было шмат увагі і клопату ўдзяляць усыноўленым дзецям, а тут яшчэ і Захар нарадзіўся. Толькі сумеснымі намаганнямі Ірыне і Аляксандру ўдалося захаваць, а фактычна — нанава выбудаваць сваю сям'ю. Затое зараз дзеці — не разлі вада, хоць і кожны са сваім характарам. Аня — жывая, няўрымслівая, спакойна сядзець на месцы не можа. Вася — процілеглы, спакойны, разважлівы. Захар жа ўдала спалучае рысы старэйшых сястры і брата. Як удалося з такіх розных па тэмпераментах дзяцей скласці шчаслівую сям'ю? Першае, безумоўна, гэта любоў і вялікая праца бацькоў, іх моцнае жаданне. Па-другое, дапамагла прафесія Ірыны. Па адукацыі яна псіхолаг, таму да тых ці іншых сітуацый і праблем падыходзіць не толькі з пункту погляду жыццёвай мудрасці, але і прыцягвае навуковыя дасягненні.

* * *

Ідэя дзіцячага клуба бачыцца не як бізнэс-праект, сур'ёзных грошай на гэтым не заробіш, няма ў Лепелі значнага плацежаздольнага попыту на падобныя паслугі. Гэта больш праект сацыяльны, у рамках якога Ірына ажыццяўляе ідэю самарэалізацыі, самазанятасці, і разам з тым спрабуе даць магчымасць дзясяткам іншых маці і дзяцей не сядзець месяцамі дома, зрэдку выходзячы на вуліцу ці ў парк пагуляць, а таксама самарэалізавацца ў невялікіх групах і вялікіх калектывах.

І пры новай для сябе справе, своеасаблівым сацыяльна накіраваным бізнэсе, Ірына не забывае пра дабрачыннасць. Праўда, часу для яе становіцца ўсё менш і менш. Аднак нядаўна яна знайшла зручны спосаб.

Для дзіцячага клуба патрабавалася, каб быў адкрыты разліковы рахунак і аформлена пластыкавая электронная карта для разлікаў. Мы традыцыйна даўно карыстаемся паслугамі лепельскага разлікова-касавага цэнтра "Белаграпрамбанка", таму зноў звярнуліся туды. Нам параілі карту "Дакрананне". Яе асаблівасць у тым, што пры кожным плацяжы адлічваецца 0,3 працэнта ад сумы, грошы ідуць на дабрачынныя мэты. Яшчэ 0,3 працэнта туды ж накіроўвае банк. 0,6 працэнта — не такія ўжо і вялікія грошы, аднак з кропелек складаюцца ручаі, якія разам зліваюцца ў паўнаводныя рэкі. Магчыма, камусьці для выратавання якраз не хапае некалькіх капеек…

Сацыяльны праект дзіцячага клуба "Карамелька" ўдала стартаваў, праводзяцца заняткі, арганізаваны і праведзены святы адкрыцця, модны сярод моладзі Хэлоўін, у якім прынялі ўдзел 35 дзяцей з маці, а некаторыя і татаў прывялі. Аня, Вася і Захар па меры сіл дапамагаюць маме. Захар, як сапраўдны эксперт, дапамагаў выбіраць і набываць цацкі, а старэйшыя ўпрыгожылі сцены малюнкамі. А бліжэйшым часам Ірына плануе правесці пірацкую вечарыну.

Васіль МАТЫРКА.