Главная / Новости / Новости района

Любовь к родине — не просто сентиментальное чувство, а конкретные дела

18.04.2018

Калі мінулым разам завітаў у дзіцячы сад №6, яшчэ ніхто не гаварыў пра год малой радзімы. А тут ужо ваўсю кіпела праца: дзеці поруч з бацькамі і пад кіраўніцтвам выхавальнікаў “выдавалі” беларускія кніжкі-казкі і рыхтаваліся да кніжнай выставы, якая мелася адбыцца яшчэ ў лютым. Памятаецца, мне гэтая незвычайная акцыя тады настолькі спадабалася, што паабяцаў абавязкова прасачыць за ёй і распавесці падрабязней. Трымаю слова. І неўзабаве распавяду з асобнай нататцы. А пакуль пра іншае.

Любіць і ведаць радзіму — гэта ж не толькі любіць і ведаць мову. Любіць радзіму — азначае жыць і працаваць у родным рэчышчы, пазнаваць яго, паглыбляць і ўвесь час клапаціцца аб ім. Вось менавіта ў гэтым самым рэчышчы і адбылося ў шостым садзіку, здавалася б, шараговае мерапрыемства, але ўжо сёлета, калі быў аб’яўлены год малой радзімы. І як жа арганічна яно ўплялося ў агульны карунак выхаваўчай работы ва ўстанове! Гэта была пазнавальная віктарына ў старэйшай групе з мэтай пашырэння ведаў пра родную Лепельшчыну — яе людзей, прыродную разнастайнасць, знакамітыя мясціны і г.д.

Дзеці падзяліліся на тры каманды: “Чамучкі”, “Знайкі” і “Буські”. Цікава, што апошняя назва азначае зусім не тое, што вы падумалі, а з’яўляецца памяншальна-ласкальнай формай слова “буслікі”. Тут ужо і сапраўды цікавая лексічная форма — моўная знаходка. Дык вось, тры каманды як бы спаборнічалі, а насамрэч — вучыліся. Дзеці вучыліся любіць родны куточак — сваю маленькую Радзіму. Вось яны прыгадваюць краіну, дзе жывуць, паказваюць, між іншым, добрыя веды яе дзяржаўнай сімволікі — герба, сцяга. Здавалася б, што тут ведаць, а паспрабуйце. Перада мною намеснік загадчыцы Ірына Калітуха рассыпала на стале цэлы груд каляровых картачак з выявамі раслін, значкоў, сімвалаў і г.д. Тут быў, напрыклад, лён, каласкі ў розным спляценні, розных канфігурацый зорачкі. І задача перад дзецьмі ставілася, шчыра казаць, не зусім і дзіцячая — выбраць дакладна элементы, што прысутнічаюць у дзяржаўным гербе. Скажам, варыянт калосся менавіта патрэбнай формы і г.д. Трэба быць надзвычай пільным і дасведчаным, каб “сабраць” дзяржаўны герб. Запытаўся ў Ірыны Мікалаеўны, ці знаёмілі яны дзяцей з гістарычным гербам Лепеля. Адказала, што пра яго таксама ішла гаворка, толькі крыху раней.

Такім чынам, ішлі ад вялікага і агульнага да маленькага і роднага. Загаварылі пра наш горад, пра яго прадпрыемствы. Пазнавалі па фатаграфіях мясціны Лепеля і лепельскага краю. Пазнавалі, зноў жа, з дапамогай картачак прыродныя сімвалы — зубр, сасна, васілёк, бусел, канюшына і іншыя — у выявах прадметаў рукатворнага свету. Спявалі беларускія народныя песні.

Цікава, што гледачамі на мерапрыемстве былі бацькі. Аднак не проста пасіўнымі сузіральнікамі. Урэшце ім давялося чытаць вершы пра наш лепельскі край. А колькі радасці дзеткам было атрымаць эмблемку — бусла з размахам крылаў на ўсю Беларусь і маленькае сардэчка як прызнанне ў любові!

Праца ў родным рэчышчы працягваецца. Наперадзе выпускныя, да якіх развучваюць песню на роднай мове. Рыхтуюцца таксама праекты экалагічнай накіраванасці: “Чысты горад” — у старэйшых групах, у сярэдніх — “Зямля — наш агульны дом”. Завялі “Кнігу скаргаў прыроды”, у якую запісваюць, аб чым просяць нас кветкі, дрэвы, птушкі. Раскажуць дзецям пра паасобны збор смецця. А заадно з розных непатрэбных рэчаў і побытавых адходаў змайструюць вырабы для выставы, якую так і назвалі “Цуды з непатрэбных рэчаў”.

Любоў да радзімы — не проста сентыментальнае пачуццё, а канкрэтныя справы. І гэтай любові трэба вучыцца з маленства.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: захапляльны момант пазнавальнай віктарыны.