Главная / Новости / Новости района

Магістральны шлях

20.09.2017

Прамысловасць у значнай  ступені з’яўляецца вызначальным сектарам развіцця эканомікі Лепельшчыны. Эфектыўная работа  патрабуе правядзення сучаснай і перспектыўнай   прамысловай палітыкі, накіраванай на актывізацыю інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, мадэрнізацыю абсталявання, укараненне новых і найноўшых тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтаздольнасці на аснове пераходу на інавацыйны шлях развіцця.

Вядома, ключавым  стымулам для мадэрнізацыі з’яўляецца канкурэнцыя.  Значнае зніжэнне ўзроўню выдаткаў забяспечыла КУВП «Бароўка» — мінус 19,7 працэнта. На прадпрыемстве праведзены мерапрыемствы па замене помпавага абсталявання на больш эфектыўнае, укараненні частотнарэгулюемых электрапрывадаў, энерга­эфектыўных свяцільняў. Прадоўжана выкананне этапаў рэалізацыі каляндарнага плана інавацыйнага праекта «Укараненне інавацыйнай прадукцыі па выпуску экспартна-арыентаванай прадукцыі». У выніку атрыманы чысты прыбытак у суме звыш 720 тыс. рублёў,  рэнтабельнасць продажаў склала 15,5 працэнта.

Ідзе ў нагу з часам і філіял  «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». У прыватнасці, сёлета  набыты комплекс будынкаў (былая нафтабаза), размешчаных па вуліцы Барысаўскі тракт, распачата  рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы алейных культур, атрыманні жмыху соевага, сланечнікавага, рапсавага, а таксама алею гэтых культур на колішніх  невыкарыстоўваемых аб’ектах камунальнай уласнасці раёна (былы ваенны гарадок № 1 «Лепель»)».

Упэўнена асвойвае новую, запатрабаваную спажыўцамі прадукцыю філіял «Лепельскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам».  Пашыраны і абноўлены асартымент. Асвоена тры найменні хлебабулачных вырабаў:  батон «Сдобный», пляцёнка «Катенька», хлеб белы «Апетытны», печыва «Дачнае» з павідлам, слодыч мучная «Пальчыкі абліжаш» са святочным упрыгожваннем да 9 Мая, пірожнае «Бульба», слодыч мучная «Мядовы ласунак» з курагой, слодыч мучная «Пясочная палоска», пірожнае «Эліта». Вядома, лепельскія хлебапёкі не замарудзілі зрабіць і яшчэ адзін новы крок насустрач спажыўцам.  Дадаткова асвоена расфасоўка печыва і пернікаў у пакеты па 0,3 кілаграма, 0,5 і 1,0 кілаграм. За першае паўгоддзе пастаўлена прадукцыі толькі на рынкі горада Мінска ў аб’ёме 74 тон —  на трыццаць больш за леташні адпаведны перыяд.

У бягучым годзе прыняты шэраг мер, накіраваных на далейшае ўстойлівае развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне эфектыўнасці працы прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

З 1 чэрвеня  СГТФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК» быў рэфармаваны і ўключаны ў інтэграваную структуру шляхам далучэння да ААТ «Віцебскі мясакамбінат», што дазволіла значна абнавіць машынна-трактарны парк прадпрыемства (набыта дзевятнаццаць ­адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі).

Асобным абзацам пазначым таксама такі важны складнік дзейнасці, як знешні гандаль. Замыкацца выключна на ўнутраным рынку не выпадае. Трэба смялей і  больш упэўнена заяўляць пра сябе за мяжой. Аднак для гэтага рашучага кроку варта мець канкурэнтаздольны прадукт. Скажам прама, канкурэнцыя там даволі  жорсткая, і  ніхто не чакае нашага прыходу з распасцёртымі  абдымкамі. Дык вось, суб’ектамі гаспадарання нашага рэгіёна знешнегандлёвыя стасункі  наладжваліся з сямнаццаццю краінамі, у тым ліку тавары пастаўляліся на рынкі  трынаццаці  краін, імпартаваліся — з пяці. Экспартавалі тавары чатырнаццаць суб’ектаў гаспадарання.

Выходзяць на знешні рынак не толькі тавары, але і  паслугі. Скажам, рэалізацыю гэтага віду дзейнасці забяспечваюць дзевятнаццаць суб’ектаў. І што не менш радуе — пятнаццаць з’яўляюцца недзяржаўным сектарам эканомікі. Найбольшая ўдзельная  вага экспарту паслуг прыпадае на прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Цуд-ягада”, ААТ “Унікартранс”, КУП ДРАЦ  “Жамчужына”.

У эпоху тэхнічнага прагрэсу, калі ў спажыўца з’яўляецца разнастайнасць выбару, інавацыйныя канцэпцыі дазваляюць істотна палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі, скараціць за кошт рацыянальнага выкарыстання расходных матэрыялаў затратную частку прадпрыемства. Мадэрнізацыя вытворчасці — гэта неабходнасць, якая дазваляе захоўваць лідзіруючыя пазіцыі ў пэўнай галіне ва ўмовах пастаяннай канкурэнцыі.