Главная / Новости / Новости района

Молодое пополнение приняло военную присягу

26.06.2017

У вайсковай часці ў Бароўцы адбылося свята – маладое папаўненне прыняла ваенную прысягу. У гэтага свята, як і ва шмат якога іншага выдзеліў бы некалькі момантаў.

Момант першы – чаканне.

Чаканне, як вядома, адна з самых стамляльных спраў. Першы месяц службы ў чаканні прысягі праляцеў для салдатаў вельмі хутка, і агледзецца не паспелі. Дні былі напоўненыя практыкаваннямі, заняткамі па страявой падрыхтоўцы, вывучэннем вайсковых статутаў, азнаямленнем з баявой тэхнікай.

А з самай раніцы салдаты былі ў чаканні прыняцця прысягі і сустрэчы з роднымі і блізкімі. У роўных шарэнгах на плацы яны пільна ўглядаліся ў процілеглы бок, стараліся заўважыць у натоўпе гасцей сваіх матуль, татаў, братоў, сясцёр, сяброў, каханых.

І для процілеглага боку чаканне таксама было цяжкай ношай. Многія прыехалі здалёку, загадзя прыпаркавалі машыны ля кантрольна-прапускнога пункта. Іх шэрагі на ўзбочынах чымсьці нагадвалі шарэнгі салдатаў.

Вось да ўрачыстасці засталюцца лічаныя хвіліны – самыя цяжкія ў чаканні

Момант другі – прысяга.

Хаця працэдура прыняцця маладым папаўненнем ваеннай прысягі ў войсках адладжана гадамі, за ўсе часы яна так і не стала прывычнай справай. Хвалююцца ўсе ад бывалага сержанта і прапаршчыка да камандзіра часці. Што ўжо казаць пра хваляванне салдатаў-навабранцаў. Завалася б, трэніраваліся некалькі дзён, ледзьве не напамяць вывучылі тэкст прысягі. Аднак перажыванні, адчуванне вялікай адказнасці чыталася на тварах. Адзін за адным падыходзілі салдаты да сталоў і чыталі радкі ўрачыстай клятвы: "Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…". У хуткім часе ўсе 86 салдатаў папаўнення выканалі ўрачысты вайсковы рытуал.

З трыбуны іх павіншавалі памочнік Міністра абароны – начальнік галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце генерал-маёр Аляксандр Гура, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі, прадстаўнікі грамадскасці.

Момант трэці – самы шчымлівы.

На погляд аўтара, самымі шчымлівымі, самымі хвалюючымі з'яўляюцца хвіліны, калі ўрачыстая частка завершана і блізкім і родным прапануецца павіншаваць салдатаў. Такіх эмоцый, гонару за сябе, свой новы статус абаронца Айчыны не сустрэць больш нідзе. З боку ж гасцей у першую хвіліну эмоцыі зашкальвалі, асабліва ў жанчын. У такой сітуацыі нават некаторыя таты, у звычайным жыцці даволі суровыя і стрыманыя, маглі пусціць слязу з гонару за сына.

Не абыйшлося і без сэлфі. Сябры, мамы, браты і сёстры фатаграфаваліся побач з салдатамі і тут жа выкладалі фота ў сацыяльныя сеткі.

Пытанні і рэплікі ліліся ракой. За гэтыя дзесяць хвілін адбыўся абмен влізарным аб'ёмам інфармацыі. Таты і мамы пераканаліся, што сынам служыцца нармальна, камфортна, што камандзіры праяўляюць сапраўдны клопат. Браты і сёстры, сябры памацалі рукамі сапраўдныя аўтаматы, сфатаграфаваліся з салдатамі. Каханыя абняліся і яшчэ раз пераканаліся ў моцы і глыбіні пачуццяў.

Апошні момант – знаёмства з землякамі.

Пасля праходжання ўрачыстым маршам салдаты накіроўваюцца ў казармы, дзе здаюць зброю, атрымліваюць дакументы і могуць ісці ў кароткачасовыя звальненні. У гэты час бацькоў камандаванне брыгады запрашае ў глядзельную залу клуба часці на кроткі расповяд пра 231-ую артылерыйскую брыгаду, яе традыцыі, умовы службы. А ў гэты час усе жадаючыя госці, а гэта ў пераважнай большасці дзеці, моладзь, мелі магчымасць пакаштаваць салдацкай кашы, прыгатаванай на палявой кухні, запіць яе салодкім чаем, і агеледзець баявую тэхніку, якая знаходзіцца на ўзбраенні.

З асаблівай цікавасцю назіраў, з якім інтарэсам аглядалі гарматы, цягачы, пускавыя ўстаноўкі дзяўчыны – яны, здавалася б, павінны быць вельмі далёкія ад спраў вайсковых і тэхнічных.

Улучыўшы момант, выклікаў на гутарку хлопцаў, прызваных з Лепельшчыны. Сфатаграфаваў іх. Знаёмцеся: сядзяць Аляксей Палееў з Заслонава і Арцём Фомічаў з Бароўкі. Аляксей да прызыву паспеў адвучыцца ў дзяржпрафліцэі, атрымаць пасведчанне трактарыста-машыніста. А потым па накіраванні ваенкамата вучыўся ў аўташколе на вадзіцеля аўтамашын.

Арцём атрымаў квліфікацыю маркшэйдара – спецыяліста, які працуе пры разведцы радовішчаў карысных выкапняў, на будоўлі падземных камунікацый, займаецца геадэзічнымі вымярэннямі і разметкай, ад якіх залежыць дакладнасць і якасць працы праходчыкаў, будаўнікоў. Хлопец папрацаваў на будаўніцтве мінскага метро.

Арцём Курбака (крайні злева) –- жыхар вёскі Чарэйшчына, працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве – ААТ "Чарэйшчына". Кажа, што на час службы працоўнае месца захавалася за ім.

У сярэдзіне стаіць Аляксандр Крывец, якога прызвалі з Бароўкі. Да службы ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Крайні справа – лепяльчанін Сяргей Налетка, дарэчы, калега Аляксея Палеева па месцы вучобы – Лепельскі дзяржпрафліцэй, таксама вадзіцель.

Хлопцы пакуль што не ведаюць, у якія падраздзяленні, на якія спецыяльнасці і пасады будуць размеркваныя. Між тым, афіцэры, кіраўнікі збораў маладога папаўнення ўжо праводзілі тэсціраванне, так што ў бліжэйшы час усё стане на свае месцы.

Вось зброя здадзена, дакументы на руках, сем'і і блізкія – у чаканні, салдаты ідуць у бок КПП.

Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.