Главная / Новости / Новости района

На абсягах культуры

30.06.2016

Да помніка – на веласіпедах

Баброўская моладзь, сем чалавек, ездзілі на веласіпедах за вёску Залессе, да помніка мірным жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усклалі кветкі, ушанавалі памяць. Усе удзельнікі велапаходу з’яўляюцца сябрамі маладзёжнага аматарскага аб’яднання “Сталкер”. Усяго ў аб’яднанні займаюцца дванаццаць чалавек – сельская моладзь, студэнты, маладыя сем’і і г.д. Збіраюцца двойчы на тыдзень, слухаюць музыку, глядзяць фільмы, ладзяць пасядзелкі. Наступнай была паездка ў Фатынь, дзе, зноў жа, прыбралі ля помніка, усклалі кветкі…

На вуліцы Азёрнай

Чарэйшчынскія культработнікі падрыхтавалі свята вуліцы Азёрнай. У праграме свята шэсце па вёсцы – ад Дома культуры, па вуліцы “60 гадоў калгасу”, на Азёрную, вітанне падворкаў, віншавальная праграма, памятныя падарункі старэйшаму – Андрэю Уладзіміравічу Краско і малодшаму -- Софьі Грабавенка – жыхарам вуліцы, а затым – канцэрт і віншаванні кожнаму двару.

“Непаседы” з Чарэйшчыны

З 1989 года працуе пры Чарэйшчынскім Доме культуры аматарскае аб’яднанне “Непаседы”, якім кіруе Алеся Гайсёнак. Тут занятыя сямёра хлопчыкаў і васьмёра дзяўчынак – мясцовых і з Бабчы. Спяваюць, танцуюць, малююць на асфальце, зімою лепяць фігуры са снегу. Нядаўна ездзілі на занальнае аб’яднанне дзіцячых гурткоў ў Старае Лядна, дзе паспяхова выступілі.

Танцуюць у Слабадзе

Дзіцячы харэаграфічны калектыў “Смайл” Слабадскога Дома культуры стаў пераможцам на раённым конкурсе для дзяцей, падлеткаў і моладзі сярод сельскіх клубных устаноў “Талент-шоу”. Танцоркі са Слабады перамаглі ў намінацыі “Лепшы харэаграфічны калектыў”. У “Смайле” займаюцца шасцёра дзяўчынак розных школьных узростаў, асвойваюць народныя, сучасныя танцы, ча-ча-ча, румбу і г.д.

Чым блішчыць “Бліскавіца?

Не за гарамі ў вакальнай групы “Бліскавіца” Слабадскога СДК юбілей. Калектыў адзначыць чвэрць стагоддзя свайго існавання. Дванаццаць чалавек розных прафесій і роду заняткаў спяваюць тут – настаўнікі, служачыя розных устаноў, бібліятэкар, санітарка і г.д. Узрост спевакоў не абмежаваны – каму за трыццаць і болей.

Спяваюць на месцы, выязджаюць у навакольныя вёскі, былі ў Мінску на рэспубліканскім кірмашы, дзе прадстаўлялі нашу вобласць. Удзельнічалі на абласной спартакіядзе на Суі, пад Полацкам з мэтаю творчага забеспячэння спартыўнага мерапрыемства. За сваю работу занялі другое месца.