Главная / Новости / Новости района

На крылах творчасці

19.07.2016

Анатоль Бухаркін большую частку свайго свядомага жыцця правёў у Расіі, хаця нарадзіўся ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. У 1975 годзе скарыстаўся магчымасцю вярнуцца на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Уладкаваўся на працу ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Быў ляснічым Палікскага лясніцтва, затым малодшым навуковым супрацоўнікам у Домжарыцах. Такім чынам, апошнія дзесяцігоддзі свайго плённага, творчага жыцця правёў на Лепельшчыне.

 Анатоль Бухаркін пакінуў пра сябе светлую памяць не толькі як аб выдатным спецыялісце запаведнай справы, таленавітым самадзейным мастаку, але і вельмі чулым, добразычлівым чалавеку. У Домжарыцкай сельскай бібліятэцы была разгорнута персанальная выстава карцін. На яе адкрыццё прыйшлі вучні мясцовай сярэдняй школы. Яны з цікавасцю агледзелі 18 твораў Анатоля Бухаркіна, асноўную частку якіх складаюць пейзажы і нацюрморты, маляўнічыя краявіды, багатая флора і фаўна нашага роднага краю. Не маглі нікога пакінуць раўнадушным такія выдатныя карціны мастака, як, напрыклад, “Глушцы”, “Лосі”, “Затока” і іншыя.

 У 1967 годзе маляўнічыя, своеасаблівыя карціны Анатоля Бухаркіна на Усесаюзнай выставе ў Маскве былі адзначаны Дыпломам II ступені, а ў 1973 го­дзе на Усесаюзным агля­дзе сельскай мастацкай самадзейнасці і ў 1977 годзе на Усесаюзным фестывалі самадзейнай мастацкай творчасці ў сталіцы былога СССР яны ўжо былі ўзнагароджаны Дыпломамі I ступені. Творы Анатоля Віктаравіча знахо­дзяцца ў калекцыях Цэнтральнага Дома народнай творчасці ў Маскве, Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, Лепельскім краязнаўчым музеі, Бярэзінскім біясферным запаведніку, а таксама ў прыватных калекцыях.

 У 1984 годзе Беларускім тэлебачаннем пра прыродаахоўную і мастацкую дзейнасць Анатоля Бухаркіна былі зняты два тэле­візійныя нарысы “Дзівацтвы Берандзея” і “Аб чым шуміць лясная цішыня”, у рамках сумеснай беларуска-расійскай праграмы “Наш агульны дом” створаны кароткаметражны фільм “Дзед Бухаркін”.

 У 1988 годзе Анатоль Віктаравіч выйшаў на пенсію і поўнасцю заняўся мастацкай творчасцю. Напісаў шмат карцін, якія дэманстраваў на дзясятках выстаў. З імі з задавальненнем знаёміліся аматары выяўленчага мастацтва на штогадовых “Фарбах Лепельшчыны”, а таксама ў Палацы мастацтва ў Мінску, на іншых прэстыжных сталічных і абласных выставачных пляцоўках.

 Анатоля Бухаркіна часта можна было сустрэць на запаведных сцяжынках з эцюднікам, асабліва ранняй вясной і ў пачатку восені. Гэтыя адметныя перыяды года мастак вельмі любіў. Асобная тэма карцін Анатоля Віктаравіча — жывёлы ў дзікай прыродзе, іх паводзіны і звычкі. Дарэчы, ён не пісаў партрэты людзей, затое ў яго карціннай галерэі шмат цудоўных нацюрмортаў і кветкавых кампазіцый.

 На адкрыццё выставы ў Домжарыцкай сельскай бібліятэцы прыйшоў сын мастака Віктар, па­дзяліўся ўспамінамі пра свайго бацьку. Расказаў, якім ён быў у сям’і, ва ўзаемаадносінах з роднымі і блізкімі людзьмі. У Анатоля Віктаравіча ўжо ёсць унук і ўнучка, праўнук. Так што род Бухаркіных працягваецца.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: карціны Анатоля Бухаркіна ў Домжарыцкай сельскай бібліятэцы (у цэнтры — партрэт мастака).