Главная / Новости / Новости района

На першым плане

01.08.2016

Адным з прыярытэтных накірункаў органаў улады з’яўляецца клопат аб дабрабыце чалавека. Стварэнне спрыяльных умоў жыцця, мадэрнізацыя жыллёвых аб’ектаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі — на гэтыя аспекты пастаянна звяртаецца ўвага прадстаўнікоў райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, а таксама кіраўнікоў адказных службаў. Работа ў гэтым накірунку знаходзіцца і на пастаянным кантролі Віцебскага аблвыканкама.


Шматлікія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні запланаваны на тэрыторыі вёскі Заслонава. У населеным пункце, дзе пражывае 2102 чалавекі, размешчана сямнаццаць пяціпавярховых дамоў, працуюць дзяржаўная ўстанова адукацыі “Заслонаўскі яслі-сад Лепельскага раёна”, установа адукацыі "Заслонаўская сярэдняя школа". Да паслуг пакупнікоў — магазіны Лепельскага райспажыўтаварыства, “Ваенсэрвіс”, прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы. На тэрыторыі вёскі працуюць таксама амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне паштовай сувязі, аказваюцца паслугі цырульніка. Для паляпшэння ўмоў жыцця мясцовых жыхароў райвыканкамам, раённым Саветам дэпутатаў, прадстаўнікамі КУВП “Бароўка” распрацаваны план шматлікіх мерапрыемстваў. Гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, абкошванне пустазелля, спілаванне аварыйных дрэваў, мадэрнізацыя дамоў, правядзенне рамонтных работ на шэрагу сацыяльных аб’ектаў. Каб пазнаёміцца, як арганізавана работа ў гэтым накірунку, наш раён наведалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і ваенны камісар Віцебскага аблваенкамата Ігар Мартынаў. У рабоце штаба прынялі ўдзел таксама старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, яго намеснікі Аляксандр Быкаў, Віктар Азаронак, Аляксандр Шыдлоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, а таксама кіраўнікі службаў, арганізацый, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі.

Першым аб’ектам наведвання ганаровых гасцей стала 19-я асобная Гвардзейская механізаваная брыгада. На тэрыторыі ваеннай часці праведзена шмат работ: спілаваны аварыйныя дрэвы, праведзены выдатны рамонт будынкаў штаба, афіцэрскага інтэрната, медыцынскай роты, зроблены выдатны рамонт у памяшканнях казармаў, дзе абуладкаваны новыя душавыя кабіны, устаноўлены пральныя машыны. Рамонтныя работы праведзены таксама ў сталовай і лазні. Сіламі ДБУ-34 пад кіраўніцтвам Аляксандра Балтрушэвіча на тэрыторыі часці ўстаноўлены новыя бардзюры, пакладзены асфальт. Радуе вочы новае асфальтавае пакрыццё і на тэрыторыі пляца.

Нямала работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі ваеннай часці будзе выканана і ў бліжэйшы час. 2016 год Міністрам абароны Рэспублікі Беларусь Андрэем Раўковым аб’яўлены Годам баявой падрыхтоўкі. У сувязі з гэтым на тэрыторыі 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады праведзены капітальны рамонт шэрага будынкаў і збудаванняў, адрамантаваны вучэбны корпус, дзе зараз ёсць камп’ютарны і спецыялізаваныя класы з навейшым мультымедыйным абсталяваннем. Фінансаванне рамонтных работ ажыццяўляецца за сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

Прадстаўнікі ўлады пабывалі і на тэрыторыі вёскі Заслонава. Як адзначыў дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч, членамі камісіі па бяспецы праведзена абследаванне аварыйных дрэў і на бліжэйшы час запланаваны мерапрыемствы па іх спілаванні. Неабходныя работы будуць праведзены работнікамі КУВП ЖКГ “Лепель”, КУВП “Бароўка” і ДЛГУ “Лепельскі лясгас”. На бліжэйшы час запланавана таксама правядзенне мадэрнізацыі дома № 484.
Наступным аб’ектам наведвання прадстаўнікоў штаба стала памяшканне ДУА “Заслонаўскі яслі-сад Лепельскага раёна”. Памяшканне дзіцячага сада разлічана на 59 выхаванцаў. Зараз жа тут выхоўваецца 40 дзяцей без уліку новага набору. Ва ўстанове працуе 21 работнік, сярод якіх шэсць выхавальнікаў, а таксама два спецыялісты музычнага і фізічнага выхавання. На правядзенне рамонтных работ памяшкання сада выдзелена 113 тысяч рублёў (адзін мільярд 130 мільёнаў рублёў недэнамінаваных беларускіх рублёў) са сродкаў раённага бюджэту. Завершаны бягучы рамонт у групавым пакоі, раздзявалцы, спальні, санвузле групы №2, а таксама заменена адзінаццаць аконных блокаў. У цяперашні час вядуцца рамонт даху і фасада, робіцца адмостка будынка, а таксама ажыццяўляецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Шмат неабходных работ запланавана і на бліжэйшы час. Гэта рамонт пакояў для груп №2 і №3, службовых памяшканняў, харчблока і пральні. Плануецца таксама завяршыць рамонт фасада і даху будынка.

У гэты ж дзень прадстаўнікі штаба наведалі палігон 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады, пазнаёміліся з арганізацыяй навучальнага працэсу салдатаў тэрміновай службы ў танкава-агнявым гарадку.
Пабывалі прадстаўнікі штаба і на тэрыторыі Заслонаўскай сярэдняй школы. Выпускнікі школы паспяхова атрымліваюць вышэйшую адукацыю па інжэнерна-тэхнічнай, фінансава-эканамічнай спецыяльнасцях, набываюць адукацыю ў ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. За апошнія пяць гадоў студэнтамі акадэміі стала 15 выпускнікоў школы.

Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак указаў на нездавальняючую работу школы па добраўпарадкаванні, супрацоўніцтве з папячыцельскім саветам. Фінансавыя сродкі трэба зарабляць самім, і для гэтага ў школы ёсць усе магчымасці.

Прадстаўнікі штаба прайшлі па памяшканні школы і звярнулі ўвагу на тое, што наспела неабходнасць правесці рамонт даху ўстановы, замяніць аконныя блокі і набыць новыя плафоны электраасвятлення.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэталёва прааналізаваўшы стан добраўпарадкавання ўстаноў адукацыі, паабяцаў у бліжэйшы час выдзеліць неабходныя сродкі для правядзення рамонтных работ.
Аказваючы падтрымку ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, у прыватнасці, устаноў адукацыі, мы клапоцімся аб будучыні нашага маладога пакалення, яго адукацыйным і творчым развіцці. Работа па добраўпарадкаванні вёскі Заслонава, мясцовых дзіцячага сада-ясляў, школы намі ўзята на кантроль. Фінансавая ж дапамога будзе аказвацца паэтапна. Наступны прыезд прадстаўнікоў штаба ў вёску Заслонава адбудзецца праз месяц. Будзе прааналізаваны ход праведзеных работ і акрэслены далейшыя напрамкі па добраўпарадкаванні. Упэўнены, што разам, аб’яднаўшы свае намаганні, мы зможам ажыццявіць шмат карысных спраў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: работу па добраўпарадкаванні 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады абмяркоўваюць (злева направа) камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў і ваенкам абласнога ваенкамата Ігар Мартынаў.

Фота аўтара.