Главная / Новости / Новости района

Пальма першынства

21.09.2017

Па традыцыі ў рамках падрыхтоўкі да Дня горада праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом. Сёлета ён арганізоўваўся ў дзвюх катэгорыях — лепшы жылы дом маладой сям’і (да 31 года) і лепшая прыдамавая тэрыторыя (без уліку ўзросту ўладальнікаў). Можна толькі ўявіць, наколькі складаная задача стаяла перад арганізатарамі конкурсу і найперш — перад журы. Праязджаючы па вуліцах, міжволі чапляешся вачыма за тую ці іншую сядзібу. У першую чаргу асабіста я звяртаю ўвагу на традыцыйныя і новыя матэрыялы і тэхналогіі, прымененыя пры будаўніцтве. А вось жанчын больш вабяць кветкі, дэкаратыўныя кусты, газоны і іншыя элементы аздаблення. Яны часцей у захапленні ад маляўнічых карцін на сценах дамоў і гаспадарчых пабудоў.

Робячы выбар, камісія аб’ехала ўсе вуліцы ва ўсіх кварталах. Здаецца, вось знайшлі дом, які можна адзначыць, але агледзеліся — наступны яшчэ прыгажэйшы! І праца пачынаецца з пачатку.

У катэгорыі дома маладой сям’і пальму першынства аддалі дому №1 па вуліцы 3-я Зарэчная. Там жывуць Марына Вершалоўская з мужам Сяргеем і дачушкай Лізай.

У 2011 годзе Сяргей і Марына пажаніліся, тады ж узялі і свой участак. Прыступілі да будаўніцтва, залілі падмурак, пасля гэтага ім выдзелілі льготны крэдыт на будаўніцтва.

З бацькам Сяргеем Пятровічам робяць амаль усё сваімі рукамі. Муж, па словах жонкі, выдатны будаўнік. Акрамя гэтага зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, аказвае паслугі па будаўніцтве і рамонце жылых дамоў, падсобных памяшканняў, правядзенні ўнутраных аддзелачных работ. Такому мужу, як кажуць, і карты ў рукі.

Сваімі моцнымі і ўмелымі гаспадарскімі рукамі ён так энергічна ўзяўся за справу, што ўжо праз два гады, у 2013-м, сям’я засялі­лася ў новы дом. Зараз на ўчастку стаіць прыгожы, патынкаваны, пафарбаваны ў аранжавы колер дом з вокнамі-шклопакетамі. Побач — гаспадарчыя пабудовы. А невялікая гульнявая пляцоўка для Лізы і ўвогуле, на думку аўтара, уяўляецца своеасаблівым шэдэўрам. Узяць хаця б пясочні­цу, якая ў адкрытым стане мае яшчэ дзве драўляныя лавачкі, а ў закрытым абараняе пясок ад дажджу і слоты.

Знайшлася справа і для Марыны. З працы на МКК яна пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці. Хаця часу і не так шмат, усё ж яна паспявае разбіць і дагле­дзець клумбу, высадзіць і вырасціць яркія квекі.

Маладая сям’я працягвае далейшае добраўпарадкаванне.

Другі дом знаходзіцца на вуліцы імя С. Лазо, №12. Гэта маленькая, непрыкметная вуліца, якую, не ведаўшы, нават цяжка бывае адразу знайсці. Каб на яе патрапіць, трэба з вуліцы імя Караленкі заехаць на Палявую, а адтуль збочыць у першы паварот направа. Шукаемы дом стаіць апошнім.

Варта зазначыць, што побач з домам-пераможцам стаяць яшчэ не менш прыгожыя, на думку аўтара, пабудовы — вельмі годная кампанія, добрыя суседзі, выбраць сярод якіх самага лепшага з’яўляецца цяжкой задачай.

Участак для будаўніцтва па вулі­цы С. Лазо Фаціма і Вадзім Камелевы атрымалі яшчэ напрыканцы Савецкага Саюза, у 1988 годзе. З будоўляй не зацягвалі, другога студзеня 1992 года запрасілі суседзяў на наваселле.

Дарэчы, пра суседзяў Фаціма Хасанаўна казала толькі самыя добрыя словы. Амаль усе яны аднолькавага ўзросту, разам атрымлівалі ўчасткі, будаваліся, дапамагалі адзін аднаму, разам адзначалі святы, перажывалі хвіліны гора і няўдач.

Першапачаткова ўся свабодная ад пабудоў зямля вакол дома выкарыстоўвалася пад грады, стаялі парнікі, дзе старанная гаспадыня вырошчвала амаль усё — ад агуркоў і пятрушкі да перцаў і таматаў.

Зараз дзеці, Максім і Іна, раз’ехаліся і жывуць самастойным жыццём, Вадзім Генадзьевіч працуе слесарам на МКК, а Фаціма Хасанаўна — прадаўцом у краме будаўнічых матэрыялаў “Майстар”, што па суседстве з цэнтральнай аптэкай. Гаспадары ж па-ранейшаму рэгулярна працуюць каля дома, паляпшаюць яго, удасканальваюць. Падвялі вода­правод, газ, высадзілі некалькі пладовых дрэў, замест колішніх градак перад домам разбілі газон, а ўздоўж дарожкі — кветнік. Газонам у асноўным займаецца гаспадар, а жанчына даглядае кветкі.

Яшчэ адзін элемент, які мне асабіста вельмі спадабаўся: участак Камелевых абгароджаны не модным цяпер глухім металапрофілем, праз які не пранікаюць промні сонца, а акуратнай металічнай сеткай. Атрымалася надзейна, трывала і ў той жа час вельмі прыгожа.

Калі ўрэшце агляд быў завершаны і выбар зроблены, усе члены камісіі ўздыхнулі з палёгкай. Да наступнага Дня горада.

На здымках: восеньскія кветкі перад домам Вадзіма і Фацімы Камелевых; Марына Вершалоўская з Лізай перад сваім домам.