Главная / Новости / Новости района

Паступальнае развіццё

09.08.2016
Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалая Місюры наведала працоўны калектыў філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”. Работа групы была прысвечана тэме “Вынікі Пятага Усебеларускага народнага сходу. Асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў новай пяцігодцы”.

У пачатку свайго выступлення Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што з 22 па 23 чэрвеня бягучага года ў Рэспубліцы Беларусь адбылося адно з важнейшых палітычных мерапрыемстваў года — Пяты Усебеларускі народны сход, які азнаменаваў сабой заканчэнне пяцігадовага перыяду развіцця краіны і пачатак новага этапу ў жыцці дзяржавы і грамадства.

З 2005 па 2009 гады развіццё адбывалася за лік апераджальнага росту экспарту на расійскі і еўрапейскі рынкі. Эканамічны пад’ём забяспечваўся дзякуючы пашырэнню маштабаў вытворчасці. Гэта перыяд найбольш актыўнага росту ў замежнай прэсе назвалі “беларускім эканамічным цудам пачатку XXI стагоддзя”.

Краіна дасягнула значных поспехаў у галіне сацыяльнай палітыкі. У 2015 годзе выкананы вызначаныя Дэкларацыяй ААН мэты тысячагоддзя, звязаныя з выкараненнем жабрацтва і голаду, са зніжэннем дзіцячай смяротнасці і забеспячэннем адукаванасці насельніцтва. Па індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнага грамадства перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е ў 2015 годзе і адносіцца да групы краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця.

У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае абнаўленне вытворчасцей, якія апрацоўваюць дрэва, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту “сухім” спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў. У краіне засвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон. Пабудаваны завод па вытворчасці сучасных чыгуначных электрацягнікоў. Пачата будаўніцтва Беларускай атамнай электрычнай станцыі.

За пяць гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчана больш за адну тысячу малочнатаварных, 55 свінаводчых, 456 збожжасушыльных комплексаў, а таксама 500 птушкаводчых фермаў. Уся новая тэхніка на вёсцы айчыннай вытворчасці.
Пасля ўдзельнікі групы расказалі аб дзейнасці сваіх службаў, а прысутныя звярнуліся да іх з набалелымі пытаннямі. Пытанні работнікаў філіяла “Лепельскі хлебазавод” узяты на кантроль і будуць разгледжаны прадстаўнікамі адпаведных службаў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.