Главная / Новости / Новости района

Пенсильванец на лепельских полях

16.08.2017

Кампанія па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі New Holland была заснавана ў аднайменным мястэчку ў штаце Пенсільванія ў ЗША. За больш як стагоддзе яна стала адным з сусветных лідараў у сваёй галіне, сельскагаспадарчая тэхніка гэтай гандлёвай маркі выпускаецца па ўсім свеце. Нядаўна камбайны New Holland былі заўважаны на палях СВФ “Заазер’е”.

Гаспадарка мае вялікія пасяўныя плошчы, кожны год вырошчвае тысячы гектараў збожжавых. Разам з тым нагрузка на кожную адзінку тэхнікі велізарная, па некаторых аперацыях нават двухразовая. Таму і летась, і раней уборка збожжавых і рапсу ў гаспадарцы завяршалася ў пачатку верасня. Пры нармальнай нагрузцы 230 — 280 гектараў на камбайн за сезон у “Заазер’і” сёлета яна зноў значна перавышаная. Кожны з сямі наяўных камбайнаў вытворчасці “Гомсельмаш” павінен быў бы зжаць больш за 450 гектараў.

Апошні дзеяслоў “быў бы” не дарэмна ўжыты ва ўмоўным ладзе, гаспадарцы паступіла вялікая дапамога — камбайны New Holland. З бягучага года СВФ “Заазер’е” далучаны да адкрытага акцыянернага таварыства “Віцебскі мясакамбінат”. Віцябляне дапамаглі — на лепельскіх палях пастаянна працуе адзін камбайн, а аднойчы на цэлы працоўны дзень да яго далучыліся яшчэ два. Пра розніцу ў прадукцыйнасці можна лічыць па вытворчых паказчыках. На раніцу дзявятага жніўня сем камбайнаў “Палессе” разам намалацілі 1160 тон збожжа, а адзін New Holland за той жа час — 577 тон.

Паглядзець на імпартную тэхніку выехаў у сярэдзіне дня, калі ўборачныя работы былі ў самым разгары. Па тэлефоне ў “Заазер’і” паведамілі, што прыкамандзіраваныя работнікі ў той дзень убіралі поле Аэрадром ля вёскі Дражна. Калі прыбыў, там якраз завяршаўся абед. Камбайнеры і механізатары, якія на суседнім палетку займаліся нарыхтоўкай зялёнай масы, якраз дапілі напоі, узялі па бутэльцы мінеральнай вады і разыходзіліся па сваіх машынах.

На New Holland працуюць камбайнер Леанід Парамонаў і памочнік Дзмітрый Скрыпялёў, абодва камандзіраваныя з Віцебска. Леанід Мікалаевіч мае багаты стаж, першы раз самастойна сеў за штурвал камбайна ў далёкім ужо 1988 годзе. Гэта быў СК-5, знакамітая “Ніва”. Затым былі “Дон-1500”, “Ліда-1300”, КЗС-1218 — увесь мадэльны рад зернеўборачнай тэхнікі, які складаў аснову парка камбайнаў у розныя гады. А Дзмітрый на камбайнах працуе толькі другі год, пераймае навыкі і вопыт у старэйшага таварыша.
Для камбайнераў і іх прадукцыйнай працы створаны ўсе ўмовы. Іх пасялілі ў інтэрнаце філіяла ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, забяспечылі гарачым харчаваннем — толькі працуй, зжынай гектары ды намалочвай тоны.

Камбайн вялікі, афарбаваны ў фірменны колер New Holland — жоўты. Аднак найбольш уражвае шырыня жняяркі — 10,5 метра! Па гэтым паказчыку тэхніка перавышае КЗС-1218, не кажучы ўжо пра КЗС-10. Аднак пры такой шырыні агрэгата і ўсёй магутнасці, прадукцыйнасці машыны немалаважным становіцца пытанне правільнага выбару месца прымянення яе. З максімальнай эфектыўнасцю тэхніка такога маштабу працуе на шырокіх, роўных палях з вялікай ураджайнасцю, ад 30 цэнтнераў з гектара і вышэй. На палетках жа маленькіх, контурных, пагорыстых такі New Holland будзе больш спажываць паліва ды расходаваць марна свой мотарэсурс.

Поле, дзе камбайн працаваў у той дзень, вельмі добра адпавядала і тэхніцы, і сваёй назве — Аэрадром. На роўных доўгіх гонях New Holland паказваў сябе ва ўсёй моцы. За камбайнам замацаваны дзве аўтамашыны для адвозкі збожжа. Яны ледзьве паспявалі, і то ў многім дзякуючы таму, што зерняток знаходзіўся блізка, у вёсцы Стаі. А калі б на пяць-сем кіламетраў далей? У такім выпадку не абысціся было б яшчэ без адной-дзвюх машын.
З прычэпленай шырокай, больш за дзесяць метраў, жняяркай, натуральна, не праедзеш па дарогах, таму для перамяшчэння ад поля да поля выкарыстўваецца спецыяльны лафет, які зараз стаяў на ўскрайку. Камбайнеры аб’ехалі поле адзін раз па перыметры, а потым узяліся жаць яго з аднаго боку, праходзячы паласу за паласой.

У гэтай мадэлі камбайна няма прывычных нам барабана і клавішаў, там стаяць два ротары, праз іх і адбываецца абмалочванне хлебнай масы.

Увогуле, варта заўважыць, што сучасны імпартны камбайн насычаны электронікай, пад рукой у камбайнера стаіць камп’ютар, які цалкам кантралюе ўсе працэсы і выводзіць інфармацыю на манітор. Колькі кіламетраў праехаў, колькі гектараў зжаў, тон намалаціў, дызельнага паліва выкарыстаў, якая ўраджайнасць на дадзеным канкрэтным полі — на ўсе пытанні адкажа.

Аднак Імпартны камбайн ёсць імпартны, з усімі яго вартасцямі і недахопамі. Тэхніка пакуль што мала папрацавала, кампетэнтнае меркаванне можна будзе выказаць толькі хаця б пасля аднаго поўнага сезона эксплуатацыі. Аднак сёння магу сказаць, што яна высокапрадукцыйная, зручная для экіпажу. З іншага боку, зыходзячы са свайго вопыту, адзначу, што падобныя камбайны даволі дарагія ў плане тэхнічнага абслугоўвання. Напрыклад, фільтры, падшыпнікі, іншыя запчасткі і камплектуючыя ў Беларусі не выпускаюцца, завозяцца, таму, як правіла, каштуюць значных грошай.

Пакуль жа New Holland працуе на заазерскіх палетках, кожны дзень намалочваючы дзясяткі тон. Пры такой дапамозе цалкам верагодна, што “Заазер’е” ў самы хуткі час завяршыць уборку збожжавых і пераключыць сілы на іншыя віды работ.

Васіль МАТЫРКА.
На здымках: экіпаж New Holland — камбайнер Леанід Парамонаў і памочнік Дзмітрый Скрыпялёў