Главная / Новости / Новости района

Планируется обустроить волейбольную площадку, сделать турники

29.04.2017

Штогод з 2014 года ў вясновы перыяд у нашай краіне рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” традыцыйна праводзіцца акцыя “Чысты вадаём”. Акцыя ў першую чаргу накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прыцягненне ўвагі да праблемы забруджвання вадаёмаў, а таксама на прывядзенне ў парадак прыбярэжнай зоны вадаёмаў і вадатокаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага адпачынку на прыродзе.

За гэты перыяд сіламі супрацоўнікаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” прыведзена ў парадак больш за дзве тысячы кіламетраў берагавой лініі вадаёмаў і вадатокаў краіны. Усяго ж у акцыі прынялі ўдзел каля дваццаці тысяч чалавек, сабрана і вывезена на палігоны цвёрдых камунальных адходаў больш за тры тысячы кубічных метраў смецця.

Значная работа ў рамках акцыі “Чысты вадаём” вядзецца і ў Лепельскім раёне. Літаральна на вачах набываюць прывабны знешні выгляд возера Святое, а таксама яго прыбярэжная зона. Работнікі Лепельскага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Лепельскае ПМС” пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі ачысцілі ваду ў возеры. Планіроўка грунту робіцца сіламі дарожна-будаўнічага ўпраўлення №34. Паколькі ля возера запланавана стварыць пляжную зону, работнікамі філіяла дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №34 РУП “Віцебскаўтадар” сюды прывезены пясок.

На ўборцы прыбярэжнай зоны ад смецця плённа папрацавалі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край” і мясцовага тэлебачання. Шчыравалі на ўборцы тэрыторыі возера ад смецця таксама актывісты Лепельскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Работы па добраўпарадкаванні прыбярэжнай зоны працягваюцца. У далейшым тут плануецца абуладкаваць валейбольную пляцоўку, зрабіць турнікі, кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця і ўстанавіць лавачкі.

Святлана ВАЗНЯК.