Главная / Новости / Новости района

Старажытныя замчышчы на лепельскай зямлі

05.07.2016

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў гістарычных крыніцах былі зафіксаваны сляды існавання абарончага замка на землях вёскі Людчыцы, якой валодалі князі Лукомскія. У 1620 годзе князь Іван Барысавіч Лукомскі перадаў вёску ва ўладанне Лаўрэне Камінскай і яе сынам. Яшчэ і сёння ў Людчыцах можна сустрэць носьбітаў прозвішча Лаўрыновіч. Можна даць некалькі тлумачэнняў гэтага прозвішча. Лаўрыновічамі маглі называць нашчадкаў уладальнікаў Людчыцаў альбо прыгонных сялян, якія належалі Лаўрэне Камінскай і яе сынам. Пасля вёскай валодалі Антоній Гарнаўскі, памешчыца Пятрова.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя сляды земляных умацаванняў у наваколлях Людчыцаў знайшоў аматар археалогіі Міхаіл Кусцінскі. Да таго часу добра захаваліся роў і валы замка, які стаяў на стромым узвышшы, сярод гарыстай мясцовасці. Урочышча тое мела назву Гара Лукомскіх. Да сённяшняга дня ў памяці жыхароў навакольных вёсак не захавалася звестак пра такую назву. Затое ў лесе паміж Людчыцамі і Загліннікамі ёсць гарадзішча, якое мае назву Замчышча. Магчыма, менавіта пра яго і ўзгадвае Міхаіл Кусцінскі ў сваіх даследаваннях.

Згодна з паданнем, вялікі замак існаваў каля вёскі Гарадзінец, пра што таксама сведчыць тапонім "Замчышчышча". У пазнейшыя часы пляцоўка замчышча знаходзілася пад ворывам. Не дзіва, што ў 1798 годзе пад час сельскагаспадарчых работ тут было знойдзена шмат срэбных рэчаў, якія ўладальнікамі Гарадзінца былі перададзены на выраб сталовых прыбораў.

Дзе дакладна існавала ўрочышча Замчышча, сёння адказаць немагчыма. Паводле звестак, выяўленых у ходзе археалагічных даследаванняў, праведзеных Аляксеем Мітрафанавым у 1972 годзе, рэшткі ўмацаванага паселішча былі заўважаны на поўнач ад вёскі Гарадзінец, на левым беразе ракі Таўпянка, што выцякае з Гарадзінецкага возера і з'яўляецца прытокам Улы. Але гэты археалагічны помнік быў знішчаны пад час будаўніцтва дарогі.

Пад апісанне ўрочышча падыходзіць таксама плоская пляцоўка на поўдзень ад Гарадзінца, на беразе аднайменнага возера. Тут і сёння можна яшчэ пабачыць земляны вал і вузкі ўваход з боку возера. Перапаленае каменне і ляпная кераміка, якіх шмат трапляецца ля пагорка, наводзяць на думку, што тут калісьці віравала жыццё.

Рэшткі земляных умацаванняў былі выяўлены на ўзвышшы каля вёскі Гарадзец. Паводле паданняў, недалёка ад замчышча знаходзілася возера Княжае і гара Царкавішча. Бліжэй да Гарадца, у бок Прудка, — невялікае возера, якое за апошнія некалькі стагоддзяў амаль поўнасцю пераўтварылася ў балота. Магчыма, гэтае азярко і мела назву Княжае.

Назвы Гарадзінец, Гарадзец у сваёй аснове маюць адзін корань, які паходзіць ад слова "гарадзіць", і азначаюць абгароджанае месца. Гэты факт таксама сведчыць пра існаванне ўмацаванняў у наваколлях адзначаных вёсак.

Сляды старажытных умацаванняў меліся каля вёскі Луцішча. Мясцовасць тая, узбоч дарогі паміж Паддуб'ем і Зялёным Востравам, называецца Замачак. Недалёка працякае рака Старобінка. У пачатку ХХ стагоддзя нават існаваў хутар з аднайменнай назвай. На вялікі жаль, да нашага часу слядоў Замачка не захавалася. Як распавядаюць некаторыя сведкі, замінала тая гара аднаму дарожнаму начальніку, калі ішло будаўніцтва дарогі Лепель — Валосавічы. Нібыта былі схаваны пад той гарой скарбы, якія карцела яму адшукаць. Зямля з пагорка пайшла на падсыпку дарогі. Вось тады і быў страчаны для гістарычнай навукі яшчэ адзін помнік археалогіі.

У крыніцах ХІХ стагоддзя зафіксаваны звесткі пра ўзвышша пад назвай Замак каля вёскі Забалацце, якое таксама даследаваў Міхаіл Кусцінскі. Месца тое сярод сялян карысталася вялікай пашанай. Згодна з паданнем, ля падножжа гары яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя бруілася крыніца з салодкім віном. Прымаючы пад увагу невялікую плошчу гары і мноства перапаленага вуголля, Кусцінскі зрабіў высновы, што гэта магло быць месца язычніцкага капішча.

Валерый Тухта