Главная / Новости / Новости района

Сто лет исполняется средней школе №3 г. Лепеля

16.11.2017

Юбілей — заўсёды падстава для пэўных высноў, час падвядзення вынікаў. Гісторыя школы багатая і цікавая. Калі казаць коратка, яна бярэ пачатак з гімназіі, якая адкрылася на зары Савецкай улады па просьбе жыхароў горада і ўезда. Затым была і яўрэйскай, і рускай сямігодкай, перажыла вайну, адрадзілася ў новай якасці і ў новым будынку напрыканцы шасцідзясятых. Праславілася сваімі выпускнікамі, якія разляцеліся па ўсім свеце, эксперыментамі, якія праводзіліся на вучэбных занятках і на палетках прышкольнага ўчастка. У розныя часы ўзначальвалі навучальную ўстанову адукаваныя, цікавыя, годныя людзі. Прынамсі, у апошнія дзесяцігоддзі — Анатоль Ханяк, Іван Карпенка, Яўгенія Юнацкевіч, Вольга Вялічка. Гэта людзі, якія жылі школаю, “хварэлі” яе справамі, умела арганізоўвалі вучэбна-выхаваўчы працэс, высока ўзнеслі яе прэстыж і годнасць.

Школа зараз — гэта найбуйнейшая ў раёне навучальная ўстанова. Тут працуюць сто два работнікі, з іх семдзесят пяць педагогаў, трыццаць тры з якіх маюць вышэйшую катэгорыю, вучацца семсот семдзесят пяць дзяцей. Заняткі праходзяць у трох вучэбных карпусах у адну змену. Створана сем груп падоўжанага дня.

Падыходзіць да завяршэння капітальны рамонт, які літаральна змяніў аблічча школы. Устаноўлена каля чатырохсот акон з ПВХ, адрэстаўраваны і ўцеплены фасад, дзякуючы чаму ў школе стала цёпла і ўтульна, яна папрыгажэла як знадворку, так і ўсярэдзіне. Заменены санвузлы, у харчблоку ўстаноўлена новае абсталяванне, добраўпарадкавана прышкольная тэрыторыя: працуе спартыўная пляцоўка, растуць дрэўцы, якія пасадзілі нашы дзеці, паявіліся лавачкі для адпачынку, бо сюды ўлетку, прыходзіць адпачыць і заняцца спортам моладзь з усяго мікрараёна. Устаноўлены банер, які адлюстроўвае сённяшні дзень школы і яе багатую гісторыю.

Атрымалі сучаснае абсталяванне ў кабінет фізікі. Сваімі сіламі абсталявалі кабінет з мультымедыйнай устаноўкай і інтэрактыўнай дошкай. Абуладкавалі кабінет абслуговай працы, у які закупілі сучасную мэблю. Летам вучнёўскія рамонтныя брыгады адрамантавалі сталы і стулы па ўсёй школе.

Сёлета ў верасні распачалі вучэбныя заняткі ў трыццаці трох, у тым ліку чатырох першых, класах. Падрыхтоўкай да набору ў першыя класы займаемся практычна ўвесь навучальны год — працуем з бацькамі, цесна супрацоўнічаем з дашкольнымі ўстановамі. Працуюць тры групы платнага гуртка “Школа будучага першакласніка”. Яго вядуць настаўнікі, якія ў наступным годзе будуць набіраць першыя класы. Арганізавалі восем груп профільнага навучання: матэматыка-фізіка, матэматыка-англійская мова, хімія-біялогія, гісторыя-англійская мова, руска-англійскі профіль і г.д. Прыйшлі працаваць дзесяць новых педагогаў.

Шосты год у школе працуе інавацыйная пляцоўка, эксперымент уступіў у завяршальны трэці этап. Накірунак эксперыменту — праца з тэрмінамі ў профільных класах пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставання. На інавацыйнай пляцоўцы занятыя настаўнікі Алена Цыганкова, Святлана Раманенка, Вольга Бруцкая-Сцямпкоўская, Людміла Крывец, Святлана Юшкевіч. Узначальвае калектыў наватараў Раіса Іванкіў. Па выніках цэнтралізаванага тэставання школа заняла другое месца ў раёне.