Главная / Новости / Новости района

Увидел свет сборник “Песні Велеўшчыны ў запісах Міколы Залатухі”

28.06.2018

З таго часу, як велеўшчынскі хлопец Мікола Залатуха з’ехаў на вучобу ў Мінск, мінула не адно дзесяцігоддзе. Спецыфіка прафесіі мастака-рэстаўратара такая, што большасць часу даводзіцца праводзіць у камандзіроўках. Аднак у кожную вольную хвіліну імкнуўся Мікола з шумнай сталіцы, дзе асталяваўся, з’ехаць да маці ў Велеўшчыну. Тут адпачываў душой, любуючыся хараством навакольных лясных краявідаў, шукаў натхненне ў сваёй творчай дзейнасці.

Імя Міколы Залатухі добра вядома ў творчых колах далёка за межамі нашай краіны. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, майстэрства мастака-рэстаўратара ўдасканальваў у вядучых майстроў Расіі, Германіі, Італіі. Як майстар высокага класа, мае права вядзення рэстаўрацыйнай дзейнасці на помніках культуры ўсіх катэгорый складанасці. З’яўляецца сябрам Саюза мастакоў.

Недзе ў сярэдзіне сямідзясятых пачаў збіраць мясцовы фальклор: на магнітафон запісваў тое, што спявалі вяскоўцы. За гэтым заняткам праводзіў шмат часу, разам з тым ад жанчын-спявачак пераймаў самабытную манеру выканання народных песень. Такім чынам, запісаліся тэксты, што спявалі жанчыны з уласнай ініцыятывы і памкненняў душы. У пачатку васьмідзясятых спяваць народныя песні было “не модным”. Шматгадовую народную песенную культуру з вясковай паўсядзённасці пачала выцясняць эстрадная музыка, так званая “папса” гучала з радыё і з тэлеэкрана. З гэтай прычыны саромеліся жанчыны спяваць на публіку. Таму стасункі з Міколам для многіх з іх былі сапраўднай аддушынай, калі можна было словамі песні выгаварыцца, зняць з душы маральны цяжар. У размовах адзінокія сталага веку жанчыны прызнаваліся, што толькі дзякуючы песням, якія час ад часу спявалі, яны не страцілі душэўнай раўнавагі. Здараліся і такія выпадкі, што са сваімі вяскоўкамі сустракаўся ў лесе, і тады таксама разам адводзілі душу ў спевах.

Мой суразмоўца можа гадзінамі з захапленнем распавядаць пра тое, як і ў якой абстаноўцы занатоўваў тую ці іншую песню. Год за годам, на старэнькі яшчэ магнітафон, запісваў сваіх сваячак і суседак. Слухаў за святочным сталом і на вясковай прызбе, падпяваў сам і запісваў. Тады і думак пра асобную кнігу, пэўна, не было, пісалася для душы.

Доўгі час запісы Міколы Залатухі былі цікавыя абмежаванаму колу спецыялістаў. Яны годна здолелі ацаніць сабраны матэрыял. Быў створаны музычны гурт “Эса”. Асноўны аўтэнтычны рэпертуар, які грае гурт, грунтуецца на спевах Велеўшчыны. Недалёка ад вёскі цячэ рака Эса, адкуль і пайшла назва гурта.

Міколу галоўнае было, каб сабраны ім каштоўны матэрыял не згубіўся. Таму перадаў свае архіўныя запісы ў Акадэмію навук. За апрацоўку ўзялася наша зямлячка доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. Дзякуючы ёй і з’явілася ідэя выдаць кнігу на аснове Міколавых запісаў. Такім чынам, у пачатку мая ў серыі “Фальклор нашага краю”, заснаванай Акадэміяй навук, пабачыла свет навуковае выданне “Песні Велеўшчыны ў запісах Міколы Залатухі”. У кнізе — песні, упарадкаваныя згодна з бегам каляндарнага часу і сямейнымі ўрачыстасцямі, а таксама лірыка. Песні дэманструюць цэлы свет уяўленняў, мар, ведаў, беларускіх сялян. Шэраг з іх прадстаўлены ў жывым гучанні на аўдыядыску. Зборнік аздоблены малюнкамі Міколы Залатухі і фотаздымкамі яго аўтарства. Асобны раздзел змяшчае архіўныя фотаздымкі жыхароў Велеўшчыны.

Сабраныя разам запісы тых часоў, калі беларуская народная песня была ў натуральным побыце, стануць падарункам не толькі аднавяскоўцам Міколы Рыгоравіча, але і кожнаму з чытачоў. Песні адной вёскі, сабраныя пад вокладкай гэтай кнігі, таксама ёсць помнік і падзяка землякам.

Валерый ТУХТА.
На здымку: Мікола Залатуха з кнігай, прысвечанай спеўнай традыцыі роднай вёскі.