Главная / Новости / Новости района

Встреча с депутатом

02.10.2017

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў сустрэўся з жыхарамі вёскі Велеўшчына.

Вяскоўцы паскардзіліся народнаму абранніку на закрыццё аддзялення паштовай сувязі ў гэтым буйным сельскім населеным пункце, які раней быў цэнтрам мясцовага калгаса. Ігар Феліксавіч патлумачыў, што паўсюдна ў нашай краіне зараз ідзе аптымізацыя, паколькі гэта вострая жыццёвая неабходнасць. У якасці прыкладу ён прывёў Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, якія за апошнія дзесяцігоддзі скараціліся з некалькіх сотняў тысяч чалавек да 65 тысяч без пагаршэння абароназдатнасці беларускай дзяржавы. Гэта было дасягнута за кошт паляпшэння якасных паказчыкаў. Наша армія стала больш кампактнай, прафесійнай і ўсебакова падрыхтаванай, забяспечанай самай сучаснай тэхнікай і ўзбраеннямі, якія дазваляюць спыніць наступ любога агрэсара, нанесці яму знішчальнае паражэнне.

У ходзе сустрэчы з Ігарам Мартынавым жыхары Велеўшчыны перш за ўсё выказвалі сваё незадавальненне тым, што з закрыццём пошты ў вёсцы яны пазбавіліся магчымасці ў рэжыме рэальнага часу праз камп’ютар разлічвацца за камунальныя расходы, электраэнергію, узятыя раней банкаўскія крэдыты, якія трэба аплачваць у строга вызначаныя тэрміны, а таксама за паслугі па карыстанні інтэрактыўным тэлебачаннем, інтэрнэтам, тэлефоннай сувяззю і г.д.

У размове прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і начальнік раённага вузла паштовай сувязі Пётр Жарнасек. Службовыя асобы сумесна з вяскоўцамі шукалі шляхі вырашэння праблем. У рэшце рэшт усіх прысутных задаволіла тое, што двойчы на тыдзень у Велеўшчыну будзе заязджаць паштовая машына і ў вызначаны час на працягу адной гадзіны прымаць плацяжы.

Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Пётр Жарнасек паабяцаў вяскоўцам, што знойдзе ў надзвычай напружаным графіку работы паштовай машыны неабходныя аднагадзінныя “вокны”, каб двойчы на тыдзень яна магла абслугоўваць жыхароў Велеўшчыны.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: у час сустрэчы Ігара Мартынава з жыхарамі вёскі Велеўшчына.
Фота аўтара.