Главная / Новости / Новости района

Второй экипаж — тысячник

07.08.2019

Тысяча тон намалоту з’яўляецца арыенцірам для працы экіпажаў камбайнаў. Гэта і добры заробак, і неблагія прэміі. Тысяча тон — гэта той рубеж, які дае адзнаку прафесіяналізму работніка хлебнай нівы.

Яго пераадоленне дае ўпэўненасць у тым, што вышыні скараюцца рупным. Гэтага рубяжу не так даўно дасягнулі камбайнеры філіяла “Баброва-Агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” Анатоль Петухоўскі і Яўген Карага. Інвестыцыі, якія ў свой час былі ўкладзены ў прадпрыемства, далі магчымасць набыць сучасную тэхніку, што ў значнай ступені садзейнічае дасягненню высокіх паказчыкаў на жніве.

Павіншаваць перадавікоў прыехалі старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Мароз, дырэктар філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскагарпрадукт” Ігар Таран.

 Філіял “Баброва-Агра” — гэта той арыенцір, той прыклад, па якім трэба развівацца сельгасарганізацыям у нашым раёне, а, магчыма, і далей, у рэспубліцы, — адзначыў Міхаіл Кісялевіч. — У 2016 годзе, калі праводзілася працэдура банкруцтва КУВСГП “Баброва”, мы ўсе стаялі на раздарожжы: куды пайсці, як зрабіць, каб не страціць землі, не згубіць вытворчы патэнцыял. Быў створаны дадзены філіял, і гэта, як паказала далейшая праца, стала самым правільным рашэннем. Былі аптымізаваныя вытворчыя працэсы, павысілася культура працы, а зараз ідзе абнаўленне тэхнікі, закуплены і ўдала выкарыстоўваецца камбайн “New Holland”, на якім і дасягнуты выдатны вытворчы вынік. Ведаеце, рыхтуючыся да прыезду сюды, я пазнаёміўся з некаторымі гістарычнымі звесткамі. Згодна з імі, каля дваццаці гадоў у КУВСГП “Баброва” не магло ісці размовы ні пра якія рэкордныя намалоты. У гаспадарцы не было ніводнага тысячніка, хаця кожны год засяваліся тысячы гектараў. Жадаю вам, працаўнікам палёў, не спыняцца на дасягнутым, каб вы ўпэўнена вялі сваю гаспадарку далей да новых і новых поспехаў.

Васіль МАТЫРКА.