• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная / Новости / Новости района

Хвала трудолюбивым рукам хлебороба!

26.09.2018

Гонар кожнага раёна ствараюць поспехі работнікаў сельскай гаспадаркі — здольных кіраўнікоў, аграномаў, інжынераў, камбайнераў і вадзіцеляў, якія штодзень сваёй адказнай, самаадданай працай робяць агульны дабрабыт. На Лепельшчыне нямала перадавых работнікаў, якія штогод дасягаюць высокіх паказчыкаў на жніве.

Руплівая, бездакорная праца хлебаробаў заслугоўвае асаблівай пашаны і павагі, найлепшых слоў падзякі і шчырых віншаванняў — гэта стала лейтматывам раённага фестывалю-кірмашу работнікаў вёскі “Дажынкі-2018”, які сёлета праходзіў у аграгарадку Чарэйшчына.

Год выдаўся няпросты, але па многіх паказчыках у раёне дасягнуты станоўчыя вынікі.

Аграрыі раёна сабралі амаль 23 тысячы тон збожжа. І хоць агульны намалот аказаўся ніжэй за ўзровень мінулага года з улікам складаных умоў надвор’я, у цэлым атрымана па 93 кілаграмы збожжа на адзін бала-гектар уборачнай плошчы. Сабраны ўраджай дазволіў выканаць дзяржаўны заказ і ў поўным аб’ёме засыпаць насенныя фонды. Сярэдняя ўраджайнасць склала 25,5 цэнтнера з гектара. Найвышэйшы паказчык, 30,2 цэнтнера з гектара, — у СВФ “Заазер’е”, дзе ўбрана 107 кілаграмаў збожжа на адзін бала-гектар уборачнай плошчы.

З цёплымі словамі віншавання да хлебаробаў і ўсіх гасцей звярнуўся таксама намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы Барыс Яфрэмаў.

Адзін за адным выходзяць на сцэну для атрымання заслужаных узнагарод перадавыя работнікі.

На святкаванні раённага фестывалю-кірмашу шмат цёплых слоў было выказана таксама лепшым работнікам медыцыны і культуры.

Шырокі выбар мясных, кулінарных і кандытарскіх вырабаў быў прадстаўлены пакупнікам на вітрынах Лепельскага райспажыўтаварыства. Сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю ўразілі шматлікіх прыхільнікаў мастацтва вырабы майстроў дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”. Шмат гледачоў сабралася ля выставы пажарнай тэхнікі.

Пакідаем свята з выдатным настроем, а ў думках гучаць пажаданні: “Хвала ўмелым, працавітым рукам хлебаробаў, якія штодзень клапоцяцца аб дабрабыце раёна і ўсёй краіны! Ваша нялёгкая руплівая праца — гэта наш гонар!”.

Святлана ВАЗНЯК.
Фота аўтара.