Главная / Новости / Новости района

"За духовное возрождение"

13.02.2017

Урачысты прыём у малой зале раённага Дома культуры, на які былі запрошаны нашы землякі, нераўнадушныя людзі, што прымаюць актыўны ўдзел ў рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання загінулых у Вялікую Айчынную вайну воінаў і партызанаў, пачаўся з дэманстрацыі дакументальнага фільма "Вяртанне" і відэароліка аб рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу "Курган Славы".

Старшыня Лепельскага раённага аб'яднання Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Мілы напомніў прысутным, што па выніках 2016 года прысуджана пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", адной з якіх удастоена ФПБ за правядзенне вялікай колькасці мерапрыемстваў, накіраваных на ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, за актыўны ўдзел у рэканструкцыі Кургана Славы. Пры падтрымцы прафсаюзаў у чэрвені 2016 года сумесна з тэлеканалам "Беларусь-3" быў зняты фільм "Вяртанне" аб нашым земляку, лётчыку Мікалаю Пшонка, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну ў Краснадарскім краі. Больш за 70 гадоў ён лічыўся прапаўшым без вестак, аднак, дзякуючы сумеснай рабоце расійскіх і беларускіх пошукавых атрадаў, месца гібелі героя было знойдзена і ён быў з усімі воінскімі ўшанаваннямі перапахаваны на сваёй малой радзіме.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра расказаў аб рэканструкцыі помнікаў на Лепельшчыне, добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў загінулых у Вялікую Айчынную вайну воінаў і партызанаў, якая ўжо блізіцца да завяршэння.

Канкрэтныя прыклады выхаваўчай дзейнасці калектываў шэрага прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама асобных жыхароў нашага горада і раёна прывёў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан.

За актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні, рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахаванняў воінаў і партызанаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі раённага аб'яднання ФПБ узнагароджаны Лепельскае камунальнае рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства "Будаўнік", ААТ "Лепельскі рамонтна-механічны завод", ДУК "Лепельскі раённы краязнаўчы музей", ваенная часць 71327, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын, старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Майзус, настаўнік ДУА "Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа Лепельскага раёна" Валерый Тухта, бібліятэкар Сушанскай сельскай бібліятэкі ДУК "Лепельская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" Таццяна Буртыль, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА "Сярэдняя школа №3 горада Лепеля" Аліна Корсак, Дыпломамі — філіял "Лепельскі хлебазавод" ААТ "Віцебскхлебпрам" і філіял ДЭУ №37 РУП "Віцебскаўтадар".

Для ўдзельнікаў мерапрыемства прагучалі папулярныя эстрадныя песні ў выкананні юных лепельскіх спявачак Анастасіі Жарнасек, Яны Барынавай і Ганны Лебедзевай.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: узнагароджаныя разам са старшынёй Лепельскага раённага аб'яднання ФПБ Юрыем Мілым (справа).