• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

За ўласныя сродкі

19.09.2017

У мінулым годзе на тэрыторыі філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлеб­прам” распачаліся рамонтныя работы. У мінулыя гады на прадпрыемстве праводзіўся рамонт унутраны, найперш — замена і абнаўленне тэхналагічнага абсталявання. Так, былі закуплены і ўсталяваны печы, якія для выпякання выкарыстоўваюць не электраэнергію, а прыродны газ, іншае імпартнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць больш прадукцыі пры меншых расходах. Зараз жа ўвага пераносіцца на пабудовы, іх стан, знешні выгляд.

Доўгі час заводская тэрыторыя была абнесена цаглянай агароджай. Цэгла патрэскалася, раствор пачаў выветрывацца. Ды і выгляд паступова агароджа набыла зусім не эстэтычны. У мінулым годзе будаўнікі разбурылі старую агароджу, а праз некаторы час на яе месцы зладкавалі новую — з сучаснага металапрофілю. Там, дзе прыгожа і акуратна, людзям камфортна працаваць.

Дайшла чарга да крамы “Гарачы хлеб” па Барысаўскім тракце. Многія лепяльчане, ідучы з працы, заходзяць туды, каб набыць бохан-другі яшчэ цёплага хлеба, духмяных батонаў і булак. Крама за доўгія дзесяцігоддзі стала своеасаб­лівай візітнай карткай прадпрыемства, таму рамонт там быў проста неабходным. Металапрофіль на казырку, каб вада не капала на пакупнікоў, ралетнае закрыццё акна, рамонт унутры памяшкання, замена дзвярэй — не поўны пералік праведзеных за апошні час работ.

Фірменная крама “Каласок” — у пачатку вуліцы Інтэрнацыянальнай. Размешчана гандлёвая кропка таксама ў зручным для лю­дзей месцы, паміж кварталамі сельгастэхнікі, меліярацыі, ПМК, дарожных арганізацый, дзе шмат лепяльчан працуюць, і цэнтральнымі жылымі кварталамі. Таму завітаць, ідучы з працы дахаты, у “Каласок” для многіх стала за гады неадменным атрыбутам, рытуалам.

Натуральна, што ўвага кіраўніцтва прадпрыемства была звернута і на фірменную гандлёвую кропку. За апошні час там абнавілі некалькі адзінак гандлёвага абсталявання. Цяпер крама выглядае больш сучасна, прывабна.
У вытворчых цэхах мяркуецца замяніць вокны. Хлебазавод — адно з нямногіх прадпрыемстваў, дзе ў аконных праёмах яшчэ захаваліся шыбы ў драўляных рамах. Летам яны адзінарныя, на зіму ставяць падвойныя. І хоць калектыў стараецца беражліва адносіцца да маёмасці, усё ж гады бяруць сваё. Па словах работнікаў, зімой у цэху халаднавата, асабліва калі печ не працуе.

Заменены ўжо адны дзверы, зараз у праёме стаіць новы пластыкавы шклопакет, які можа адчыняцца як цалкам, так і толькі для праветрывання. Прыходзілі прадстаўнікі прадпрыемства, якое займаецца выпускам і мантажом пластыкавых вокнаў, рабілі абмеры. Так што, спадзяюцца ў калектыве, бліжэйшую зіму будуць сустракаць у яшчэ больш камфортных умовах.

Дырэктар хлебазавода Уладзімір Куранны дадае, што рамонт толькі вышэй названымі аб’ектамі не абмяжуецца, паступова будуць добраўпарадкаваны і абноўлены вытворчыя і адміністрацыйныя памяшканні.