Главная / Новости / Новости района

Завершилась научная археологическая экспедиция на Лепельщине

02.08.2017

Разведка
Нядаўна завяршылася навуковая археалагічная экспедыцыя на Лепельшчыне. Каля вёскі Бабча 40 школьнікаў пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Марата Клімава ў самым літаральным сэнсе сваімі рукамі мацалі гісторыю. Першымі памочнікамі былі настаўнікі Валерый Тухта і Вольга Бабаед з Слабадской сярэдняй школы, а таксама Наталля Драздовіч і Таццяна Сільвановіч, якія працуюць у гімназіі імя І.Ерашова.
Месца для раскопак было выбрана па выніках археалагічнай разведкі вакол азёр Кабак і Бабчанскае яшчэ ўвесну. Пад час разведкі былі знойдзены некалькі фрагментаў керамічных вырабаў — вечкі старажытных гаршкоў, якія дазвалялі датаваць старажытныя паселішчы прыблізна Х —ХІІІ стагоддзямі. Былі тады знойдзены і два ўнікальных артэфакта, якія выбіваліся з агульнай карціны. Прасліца, зробленае з шыферу. Звычайна ў нашых мясцінах такія рэчы рабіліся з гліны. Шыферны выраб — імпарт, які даказвае наяўнасць гандлёвых сувязяў з далёкімі краінамі. Натуральны шыфер здабываўся і апрацоўваўся, напрыклад, на Каўказе. Дарэчы, у Беларусі дорага цаніўся. Другая знаходка — наканечнік стралы, зроблены з крэменю, адносіцца ўвогуле да іншай гістарычнай эпохі — ІІ тысячагоддзя да новай эры. У любым выпадку ўсе знойдзеныя рэчы паказвалі, што шукаць старажытнае паселішча трэба на заходнім беразе возера Бабчанскае.

Валанцёрскі прызыў
Валерый Тухта мае багаты досвед удзелу ў археалагічных раскопках, таму ўзяўся за работу з поўным веданнем справы. Сёлетняя экспедыцыя стала другой па маштабнасці і колькасці ўдзельнікаў. Падобнае мерапрыемства праводзілася летась ва ўрочышчы Дубавец, што за Верабкамі. Мінулагоднія раскопкі сталі, так бы мовіць, пробным каменем. Да таго ў археалагічных экспедыцыях нашы дзеці ўдзельнічалі нячаста, эпізадычна. На лета 2016 года заставаліся чатыры-пяць школьнікаў, якія мелі археалагічны вопыт. Астатнія ж выраслі, раз’ехаліся, паступілі ў навучальныя ўстановы, былі прызваны на службу ў войска. Тыя хлопцы і сталі першым касцяком, асновай экспедыцыі. Праз Дубавец прайшло каля паўсотні падлеткаў, якія пазнаёміліся з навукай, навуковым падыходам і метадамі. А ўжо сёлета каля 80 працэнтаў удзельнікаў бабчанскай экспедыцыі былі колішнімі археолагамі Дубаўца. Іх ужо не трэба было вучыць, як правільна капаць, шукаць артэфакты. Яны самі вучылі навічкоў.
Як і ў мінулым годзе, звярнуліся да настаўнікаў гісторыі. Акрамя таго, захаваліся каардынаты большасці ўдзельнікаў леташняй экспедыцыі, іх нумары мабільных тэлефонаў, адрасы электроннай пошты. Дзеці, якія летась былі ў Дубаўцы, сёлета паклікалі малодшых братоў і сясцёр. Напрыклад, следам за Раманам Сільвановічам з Лепеля сёлета прыехаў і яго брат Арцём, Іван Матырка са Стаяў прывёз і сястру Насту. У першыя дзень-два старэйшыя вучылі малодшых, а потым тыя сталі капаць як сапраўдныя археолагі. Прыехалі і дзеці з больш далёкіх куткоў. Напрыклад, Вераніка Клундук — з Наваполацка. Яна і летась удзельнічала ў экспедыцыі. Аня Калядка прыехала з Глыбокага, а Крысціна Маркава — ажно з Прагі. Дзяўчынка з бацькамі жыве ў сталіцы Чэхіі, на канікулы прыехала ў госці да бабулі ў Бабчу — адтуль і далучылася да экспедыцыі. Узрост юных археолагаў быў разнастайны. Асноўнай ударнай сілай, вядома, сталі вучні сярэдніх і старэйшых класаў, але побач з імі шчыравалі і васьмёра пачаткоўцаў.

Падрыхтоўчы этап
Археалагічная экспедыцыя ўмоўна раздзяляецца на два этапы — падрыхтоўку і археалагічныя раскопкі. Прычым першы, як правіла, больш важны. Загадзя на месца прыбыла першая група ўдзельнікаў, якіх Валерый назваў тылавікамі. Іх задачай стала абуладкаванне месца стаянкі.
Выдзелілі і абуладкавалі месцы для палатак, зладзілі кухню і сталоўку, павесілі імправізаваныя ўмывальнікі і абавязкова зрабілі прыбіральню. Былі наладжаны збор і ўтылізацыя смецця. Адходы збіраліся ў поліэтыленавыя пакеты, кожны дзень адвозіліся ў бліжэйшую вёску Бабча і выкідваліся ў смеццязборныя кантэйнеры. Ваду для мыцця посуду чэрпалі ў возеры, а для гатавання ежы — прывозілі з Курмялёўкі, з былой панскай крыніцы.
За некалькі дзён да пачатку экспедыцыі ўсім дзецям, іх бацькам разаслаў памяткі, што і колькі трэба браць з сабой. У заплечнік рэкамендавалі класці зменную вопратку, абутак, шкарпэткі, бялізну і крыху ежы. На прадукты сабралі грошы загадзя. Пісаў, каб бралі з сабой турыстычныя дыванкі і спальныя мяхі. І абавязкова — зараджалі мабільнікі. Самымі экіпіраванымі аказаліся браты Раман і Арцём Сільвановічы.

У раскопе і шурфах
Уласна раскопкі праходзілі даволі цяжка. З аднаго боку, надвор’е не вельмі радавала яснымі і сонечнымі днямі. Раз-пораз з неба імжыла, дзеці захіналіся ў поліэтыленавыя плашчы і накідкі, абувалі гумавыя боты. Аднак непасрэдна ў час капання здараліся неверагодныя цуды, і дожджык прыпыняўся. З іншага боку, адсутнасць спёкі і духаты ўспрымалася таксама як значны плюс.
Заклалі адзін раскоп памерамі чатыры на шэсць метраў — у ім і праходзіла асноўная праца. А непадалёк выкапалі яшчэ два разведвальныя шурфы па адным квадратным метры, каб паглядзець, пераканацца ў правільнасці выбару.
Спачатку знялі верхні слой каля 10-12 сантыметраў — так званыя наносы. А далей пайшоў 70-сантыметровы культурны пласт, які археолагі здымалі акуратна, слой за слоем.
Звычайна на былых паселішчах зямля чарназёмная, урадлівая, рыхлая, капаецца лёгка як вялікай рыдлёўкай, так і маленькай кельмай. Аднак у паселішчы каля Бабчы сітуацыя была крыху іншая: чарназём быў настолькі сціснуты, спрэсаваны, што рыдлёўка з цяжкасцю ў яго заходзіла, адкалупваць даводзілася па маленькім каменьчыку. Па Беларусі дзесьці да XV — XVIII стагоддзя, а ў пэўных мясцовасцях і пазней, людзі амаль не карысталіся студнямі. Сяліліся звычайна па берагах рэк, азёр і бралі ваду з вадаёмаў. Значна пазней сталі капаць калодзежы. У дадзеным выпадку назіраем такую ж карціну: паселішча размяшчалася на самым беразе возера. Паводле знаходак, датуем яго Х — ХІІ стагоддзямі. У ХІІІ стагоддзі адбылася змяненне клімату, якое прывяло да павышэння ўзроўню вады ў азёрах і рэках. Старажытную вёску заліло, людзі перабраліся і сталі будавацца вышэй, на месцы сучаснай вёскі. Праз стагоддзе-другое возера вярнулася ў свае берагі, але жыхары ўжо не сыходзілі з абжытых месцаў. За гэты час вада ўшчыльніла грунт, спрасавала яго — вось чаму цяжка было капаць.
Варта зазначыць, што бабчанская зямля на індывідуальныя знаходкі не была шчодрай. Часцей трапляліся фрагменты керамікі, асколкі гаршкоў і місак. Дзеці жартавалі, маўляў, там жылі сем’і, якія часта сварыліся і ў час спрэчак білі гліняны посуд. Хлопчыкі знайшлі некалькі крамянёвых адшчэпаў — прылад працы ранніх эпох. З дапамогай металашукальніка быў знойдзены фрагмент восцяў — старажытнай рыбалоўнай прылады. А Наста Матырка знайшла невялікі жалезны нож.
У раскопе таксама былі знойдзены сляды старажытнай печы. Дакладней, вогнішча, бо ў тыя далёкія часіны людзі не ладзілі печаў з комінамі. Замест гэтага ў хаце было вогнішча, складзенае з камянёў, якое ацяпляла будынак па-чорнаму. Ад колішняга вогнішча на бабчанскім паселішчы засталіся камяні, змацаваныя глінай, і тоўсты, да 80 сантыметраў, слой попелу.

Культурная праграма
Разам з тым для юных валанцёраў арганізатары прыдумалі цэлую праграму, каб яны займаліся не толькі працай і навукай, а і забаўляліся. Як гэта — жыць на беразе возера некалькі дзён і не пакупацца? Дарослыя гэта разумелі, таму было арганізавана купанне. У абавязковым парадку аматары водных працэдур апраналі выратавальныя камізэлькі, бо, па словах Валерыя Тухты, спачатку бераг ад урэзу вады спадзісты, а потым — глыбіня вышэй галавы.
Былі наладжаны і забавы, аднак самай запамінальнай стала культурная праграма. Экспедыцыя была разлічана на пяць дзён актыўных раскопак — кожны дзень, дакладней, вечар арганізоўвалася пэўнае культурнае мерапрыемства. У панядзелак у госці прыбыла бард Таццяна Матафонава-Грыневіч. У Бабчу яна прывезла выступленне-інтэрактыў, каб прысутныя сталі ўдзельнікамі дзеі. Віктарыны, сумесныя спевы, гульні — прадстаўленне доўжылася больш за дзве гадзіны.
У аўторак гасцявалі галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў і гісторык Алесь Пашкевіч. ARCHE — гістарычны часопіс, дзе змяшчаюцца публікацыі навукоўцаў, справаздачы аб археалагічных і этнаграфічных экспедыцыях, публікуюцца архіўныя дакументы, хронікі і летапісы. Таму ў той вечар сустрэліся калегі старэйшых і малодшых пакаленняў. Сталыя навукоўцы у цікавай форме расказалі пра гістарычную навуку, яе крыніцы. Тут жа прадэманстравалі апошнія навінкі кнігавыдання гістарычнай літаратуры.
А ў сераду на месца раскопак завітаў гурт “Рэха”! Рок-гурт Андруся Такінданга — чарговы госць экспедыцыі, парадаваў археолагаў сваім выступленнем. Саліст Андрусь валодае непераўзыдзеным абаяннем, уменнем завесці публіку, перадаць ёй пазітыўны, драйвовы настрой. Нават самым панурым і стомленым цяжкай працай людзям. Назаўтра, седзячы ў раскопе і прасейваючы зямлю, дзеці напявалі Андрусёвы “Ровар-мэн” і “Трэнд-трэнд-трэнд, беларускі брэнд”.
А ў чацвер адбылося Купалле, якое арганізатары імкнуліся наладзіць як мага бліжэй да старажытнага канону. Карагоды, вогнішча ад крэсіва, народныя танцы, скокі праз агонь, пусканне вянкоў на ваду — дзея закончылася толькі тады, калі першыя промні сонца заззялі на ўсходзе.
А ў пятніцу раскопкі завяршыліся, мацерыковы грунт у раскопе і шурфах быў зачышчаны, знаходкі — сабраны і спакаваны для перавозкі ў інстытут гісторыі. За большасцю дзяцей прыехалі бацькі. Апошнія ўдзельнікі экспедыцыі, прыбраўшы за сабой, пакінулі месца стаянкі ў суботу.

Падводзім вынікі
Хаця на фактычныя, індывідуальныя знаходкі Бабчанскае паселішча не было багатым, яно самім фактам свайго існавання дае пацвярджэнне наяўнасці сістэмы засялення паўночна-ўсходняй часткі Беларусі. У Х — ХІІІ стагоддзях на Лепельшчыне і ў навакольных рэгіёнах па берагах рэк і азёр існавала сістэма паселішчаў, якія пры гэтым не былі ізаляванымі адно ад аднаго, а актыўна ўзаемадзейнічалі, абменьваліся, гандлявалі паміж сабой.
Для школьнікаў удзел у экспедыцыі стаў прыгодай, якая запомніцца на ўсё жыццё. Гэта і дакрананне да навукі, і жыццё ў палатках, і барацьба супраць непагадзі, і разам з тым — новыя сябры. Сёлета, як і летась, усім удзельнікам экспедыцыі былі ўручаны імянныя майкі з дэвізам — радком Янкі Купалы: “Мы ідзём у сонцы з сонцам маладым паходам, слава Бацькаўшчыне нашай і яе народам!”. Гэта майка стала для падлеткаў сімвалам дакранання да вялікай справы.

С. БАЗЫЛЬ.
Фота з архіва археалагічнай экспедыцыі.