Главная / Новости / Новости района

Зов «Аграрной весны»

21.05.2018

Сцэнічныя баталіі засталіся ў мінулым. Сёлета выступілі як ніколі паспяхова. Каманда з дваццаці двух навучэнцаў Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа выглядала маналітнай і моцнай. Дзіва што, касцяк яе ўжо многа гадоў застаецца адным і тым жа. Навічкоў сёлета ўсяго некалькі: першакурснікі Жэня Бяляк і Юля Клундук, Улад Чарнаок з другога і Вася Шумчанка з трэцяга курсаў. Мякка і плаўна ўвайшлі яны ў сцэнічны калектыў.

На адным дыханні, як кажуць, адыгралі праграму КВЗ на тэму “Жарты з дзедавай кішэні”. Прынамсі, музычнае заданне “Таварыства ананімных баяністаў” (рымейкі пра музыкаў і музычныя інструменты”) выканалі проста бліскуча. Энергія так і фантаніравала са сцэны. Глядач быў проста ў захапленні. Пакарылі і журы. Вынік — першае месца каманды КВЗ.

Танец “Малы пасталеў” прызнаны лепшым творчым нумарам фестывалю. Як жа хораша ў іх атрымалася і ў танцы, і ў спевах! Проста не магу не адзначыць “бархатны” голас Улада Палачаніна і яшчэ раз паўтарыць, што ў хлопца — вялікая будучыня.Лепшы шоу-нумар — ігра на гітары “новенькай” Юлі Клундук у “неонавым” суправаджэнні калектыву “Імпульс”.

Відэаролік творчай работы мастацкага кіраўніка Святланы Стэльмах — пра жыццё каледжа — прызнаны лепшым на фестывалі.Спартыўныя спаборніцтвы па баскетболе “Мікс 2 на 2” з двума ўдзельнікамі — Ільёй Дзямко і Дар’яй Смажэўскай — заваяваў трэцяе месца. Гэтакую ж самую адзнаку атрымала і пасяджэнне “Круглага стала” сакратароў ГА “БРСМ” нашай пярвічкі.

І ў выніку — нечуваны дасюль поспех: другое агульнакаманднае месца! Саступілі толькі ветэрынарнаму каледжу Акадэміі ветэрынарнай медыцыны, на базе якой, зрэшты, і праходзіў фестываль. Пачэсна сярод шматлікіх удзельнікаў стаць другімі — пасля гаспадароў.

Пачэсны дыплом “За адданасць фестывалю “Аграрная вясна” атрымала і Таццяна Гольдзіна. Калектыў, гадамі ўзрошчаны Таццянай Віктараўнай, стаў часткаю і сэнсам яе жыцця, і дзеці таксама зрабілі свой выбар, з якім варта лічыцца. А таму вельмі спадзяюся, што чуткі не спраўдзяцца, і ў наступным годзе зноў павязе Таццяна Гольдзіна сваё “дзецішча” ў Віцебск, і наступіць пераможная аграрная вясна — на сцэне і ў душы. І зноў заплачуць падлеткі — не ад расчаравання, ад шчасця. Шчасця спаткання са сцэнаю ў правераным часам моцным калектыве аднадумцаў.

Уладзімір МІХНО.
На здымках: каманда Лепельскага каледжа на сцэне “Аграрнай вясны