Подарки для медицинских работников
З боку раённага аб’яднання прафсаюзаў аказваецца дапамога людзям, якія знаходзяцца на перадавой у барацьбе з інфекцыяй COVID-19.
– Апошнім часам у сувязі з барацьбой супраць распаўсюджвання інфекцыі,
выкліканай COVID-19, асноўная ўвага грамадскасці, валанцёраў скіравана на
падтрымку медыцынскіх работнікаў, якія непасрэдна працуюць з хворымі, – кажа
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы. – Значны пласт работы ў
барацьбе з інфекцыяй штодзень выконваюць спецыялісты дзяржаўнай установы
«Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі». Рэжым працоўнага дня
спецыялістаў даволі напружаны, яны працуюць без выхадных. Для таго, каб
падтрымаць медыцынскіх работнікаў у гэты нялёгкі перыяд, мы другі месяц запар
ажыццяўляем ім дапамогу.
Нагадаю: месяц таму для патрэб работнікаў установы аховы здароўя «Лепельская
цэнтральная раённая бальніца», якія непасрэдна змагаюцца з COVID-19, за лік
раённага аб’яднання прафсаюзаў для пакою адпачынку бальніцы была набыта бытавая
тэхніка: халадзільнік, чайнік і прас. На гэты раз у пакой для прыёму ежы ДУ
«Лепельскі раёны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» дастаўлены халадзільнік і два
чайнікі. Расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі ўстановы, памочнік
урача-гігіеніста Вольга Хацкевіч:
– Юрый Уладзіміравіч паведаміў пра намер раённага аб’яднання прафсаюзаў
дапамагчы нашай медыцынскай установе, папрасіў удакладніць, у чым мы маем
патрэбу. Параіўшыся ў калектыве, мы прыйшлі да высновы, што нам не зашкодзілі б
халадзільнік і чайнікі.
Пра ўмовы працы работнікаў цэнтра гутарым з галоўным санітарным урачом раёна
Вікторыяй Міхно:
– Першы выпадак захворвання на каранавірусную інфекцыю COVID-19 на Лепельшчыне
зафіксаваны 13 сакавіка бягучага года. З таго часу дзяржаўная ўстанова
«Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» фактычна працуе ў рэжыме
надзвычайнай сітуацыі. Большасць супрацоўнікаў у веснавыя месяцы не ведала, што
такое выхадныя. Напрыклад, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Наталля Паборцава
пакідала працоўнае месца толькі ў 21.30!
– Чым непасрэдна займаюцца работнікі санітарнай службы?
– Мы заўсёды на перадавой. Займаемся выяўленнем кантактаў усіх узроўняў. Калі
магчыма, апытваем захварэлага, вызначаем кола найбольш блізкіх да яго людзей.
Гэта члены яго сям’і, а таксама калегі па працы, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый
і прадпрыемстваў. Разам з гэтым праводзяцца мерапрыемствы па дэзінфекцыі.
– Як да такога напружанага рытму працы блізкіх людзей адносяцца сем’і вашых
супрацоўнікаў?
– Яны ведаюць, што сітуацыя часовая, што ўсё, нарэшце, павінна скончыцца. А
пакуль што іх родным і блізкім кожны дзень трэба выходзіць на працу.
– Вікторыя Аляксандраўна, як вы можаце спрагназаваць ход захворвання на
Лепельшчыне? Калі нам можна будзе чакаць спаду распаўсюджвання інфекцыі?
– Як спецыяліст не магу даць дакладнага прагнозу. Тут узаемадзейнічае шмат
аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, на большасць з якіх мы паўплываць не
можам або ўплыў наш, спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі,
мінімальны. З надыходам цёплага надвор’я жыхары раёна, стаміўшыся ад
абмежаванняў, губляюць асцярожнасць.
Падарункі прафсаюзаў для спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
вельмі важны. Часта складваецца так, што за час працоўнага дня ўрачы і іх
памочнікі не маюць часу нават паабедаць дома ці ў сталовай. А зараз з’явілася
магчымасць прынесці з дому бутэрброды, пакласці іх у халадзільнік, а ў
абедзенны ці іншы час перакусіць.
Звяртаюся з просьбай да чытачоў у бліжэйшы час захоўваць асцярожнасць,
выконваць меры элементарнай сацыяльнай бяспекі. Хваробу мы пераможам
абавязкова, але не трэба губляць пільнасць, – адзначае галоўны санітарны ўрач
Лепельскага раёна Вікторыя Міхно.