Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Лепельский районный исполнительный комитет
Главная / Социальная сфера / Молодежная политика / Акции, мероприятия, конкурсы
19 ноября 2015

Добрыя справы «Добрага сэрца» лепяльчан

Спачатку дзяўчаткі… плакалі. Не, яны, вядома, не заліваліся слязьмі і, тым больш, не паказвалі гэтага дзецям, да якіх прыйшлі пагасціць. Можна плакаць душою. А калі душа спагадлівая, ранімая, то нават і лёгка. Менавіта такая добрая душа ў Надзі Батуры, у Лалі­ты Рубанік, ды і ва ўсіх, хто запісаўся ў «Добрае сэрца». На­дзейка і Лаліта вучацца ў ліцэі, ужо другакурснікі. Палюбілі ліцэй, прывыклі тут, заўсёды навідавоку, у гушчыні падзей. Актывісткі. Удзельнічаюць напоўніцу ва ўсім культурна-грамадскім жыцці ўстановы — танцуюць, спяваюць, у гуртках у розных рукадзельнічаюць.

Зараз вось з вялікай ахвотай далучыліся да цікавага дабрачыннага праекта «Добрае сэрца», ініцыятарамі і кіраўнікамі якога сталі настаўніца Таццяна Перхуровіч і педагог-арганізатар Святлана Стэльмах.

Неяк ездзілі ў Вялікі Поўсвіж да помніка загінулым у Вялікую Айчынную вайну землякам. Ліцэй узяў шэфства над помнікам. Ездзілі ўчатырох. Яшчэ два хлопцы былі — Дзіма Міхайленка і Андрэй Журко. Зачысцілі помнік, літаральна адшліфавалі, каб фарба добра трымалася, пасля пафарбавалі, прыбралі вакол. Вяртаючыся назад разам са Святланай Анатольеўнай, загаварылі пра гурток «Добрае сэрца». А неў­забаве Таццяна Мікалаеўна прапанавала выступіць у карэкцыйным цэнтры. Грунтоўна рыхтавалі канцэрт. Песні, танцы, вершы — у асноўным пра маці, якраз да свята. А вось калі прыехалі ў цэнтр, у дзяўчат слёзы навярнуліся з непрывычкі. Было да слёз шкада дзетак, якім цяжка ў жыцці…

Неўзабаве прывыклі, палюбілі гэтых дзяцей і пасябравалі з імі. І калі наступным разам паступіла прапанова прыехаць яшчэ раз, каб проста пагуляць з дзецьмі, адгукнуліся з радасцю і вялікім задавальненнем. Калі першы раз, на канцэрце, былі і хлопцы, то зараз, «пагуляць», паехала некалькі дзяўчат з гуртка. Гулялі з дзецьмі ў лато і шарыкі, чыталі ім казкі, выразалі з паперы кветкі і зорачкі. Дзве гадзіны праляцелі незаўважна, а затым дзеці не хацелі іх адпускаць. І выхавальнікі былі вельмі задаволеныя, і наказвалі, каб наступны раз прыехалі са сваімі вырабамі, якія рыхтуюць у гуртку. Лаліта з На­дзеяй жывуць у інтэрнаце і хо­дзяць у гурткі саломапляцення і керамікі. Яны вучацца на прадаўцоў, а ім бы быць педагогамі, меўшы такое добрае сэрца. Зрэшты, а хіба прадаўцу зашкодзіць спагадлівасць і ўменне кантактаваць з людзьмі.

Узарэ на Ушаччыне сваё поле трактарыст Коля Лунёнак, павядзе «фуру» Лёшка Ставер з-пад Бягомля. Бо і палетку, і тэхніцы таксама патрэбна добрае чалавечае сэрца. Коля акрамя прафесіі трактарыста вывучыцца ў Лепелі на вадзіцеля аўтамабіля, слесара і лесніка, Лёшка праслаўляе родны ліцэй у спартыўных баталіях па валейболе, баскетболе, нядаўна ў Оршу на футбол ездзілі. Ну ды гэта як бы між іншым. А аб’ядноўваюць гэтых падлеткаў усё тыя ж добрыя справы «Добрага сэрца». Хлопцы — першакурснікі, пакуль яшчэ толькі далучаюцца да гэтых спраў, а распавядаючы пра іх, хвалююцца.

У гуртку каля дваццаці падлеткаў-валанцёраў. Павесялілі ўжо на мінулы Новы год дзетак з сацыяльнага прытулка песнямі і жартамі, паелі з імі ў добрай кампаніі пірагоў. Неўзабаве плануюць падрыхтаваць рэтра-праграму і паехаць з ёю у Камень у «Святлі­цу», каб пагрэць сэрцы адзінокім бабулям і дзядулям любімымі іх песнямі.

А ў самім ліцэі прыдумалі свята добрых спраў. Падрыхтавалі да яго канцэрт, а ў фае неўзабаве вырасце «дрэва добрых спраў», галіны якога будуць утрымліваць усё тое добрае, што зрабілі навучэнцы. Спадзяюся, крона ў гэтага дрэва бу­дзе разгалістая і пышная, а карані добра замацуюцца на глебе гэтай навучальнай установы.

К списку новостей