Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
16 красавіка 2024

Быць салдатам — ганаровая місія. У Лепелі адбыўся дзень прызыўніка

У вясновы прызыў адправяцца на ваенную службу 50 ураджэнцаў нашага раёна, з іх на кантрактную службу — 15 лепельчан.

Вясновая прызыўная кампанія ў ваенных камісарыятах, у тым ліку і Лепельскага і Ушацкага раёнаў, набірае абароты. Цяпер тут гарачая пара: хлопцы, якія падлягаюць прызыву ва Узброеныя Сілы і іншыя воінскія фарміраванні, праходзяць медыцынскія камісіі, ідзе адбор прадстаўнікамі воінскіх часцей. Важным этапам з'яўляецца ўручэнне павестак маладым людзям, якія па стану здароўя прызнаны прыдатнымі да ваеннай службы. У сувязі з гэтым сёння асабліва шматлюдна было каля раённага Дома культуры. З першых хвілін знаходжання ў РДК адразу ж увагу прысутных прыцягвала выстава, падрыхтаваная прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, які дыслакуецца ў вёсцы Бароўка. У зале на важнае мерапрыемства сабраліся не толькі прызыўнікі, але і бацькі, блізкія сваякі будучых салдат, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў. Ва ўрачыстай абстаноўцы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка №48 ад 12 лютага 2024 года "Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве" зачытаў ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Пухальскі. Андрэй Леанідавіч адзначыў, што кожны мужчына ўспамінае дзень прысягі, як служыў, з кім меў зносіны. Армія дапамагае раскрывацца моцным якасцям характару. 

- Я перакананы, што вы сябе пакажаце граматнымі спецыялістамі, будзеце дакладна выконваць задачы камандзіраў і спасцігаць ваенную навуку. Жадаю вам за гэты важны перыяд у вашым жыцці адужэць, памужнець і знайсці добрых таварышаў, з якімі потым і па жыцці вы будзе ісці.

-- Мы ганарымся абаронцамі Айчыны ўсіх пакаленняў, якія заўсёды з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак. Бо абарона Айчыны - свяшчэнны абавязак кожнага чалавека - сапраўднага патрыёта. Жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у служэнні Айчыне, - адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан. 

Шмат добрых пажаданняў выказалі прызыўнікам таксама старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Рэспубліканскі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" Сяргей Крывель, прадстаўнік раённай арганізацыі ГА "Рэспубліканскі саюз афіцэраў" Валерый Ляшчонак, прадстаўнікі воінскіх часцей, у якіх будуць праходзіць воінскую службу нашы прызыўнікі, і іншыя госці. Да юнакоў, якія ўжо заўтра зменяць грамадзянскае адзенне на ваенную форму ад імя бацькоў звярнуўся бацька прызыўніка Уладзімір Сеззін. 

- Армія для кожнага мужчыны - гэта праверка на мужнасць, смеласць і адвагу. Яе трэба прайсці годна, і ўпэўнены, што вы справіцеся. А мы - вашы бацькі, сваякі - будзем чакаць вас дома ўжо пасталелымі, здаровымі і памужнелымі. Галоўная ваша задача - з гонарам і годнасцю адслужыць у войску. Менавіта тут чалавек праходзіць не толькі добрую школу жыцця, але і знаходзіць сапраўдных сяброў. Армейскія сябры — гэта сяброўства на доўгія гады.

Благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Сергій Ляшкевіч таксама даў прызыўнікам свае навучанні і блаславенне на вайсковую службу.

— …Жадаю, каб вы служылі з духоўным пачуццём таго, што берацеся за справу абароны зямлі, якая асаблівая перад Богам. Няхай гэты час пройдзе з годнасцю і гонарам, каб вярнуліся адужэлымі і памужнелымі ў родныя краі, дзе вас любяць і чакаюць. 

Айцец Сергій заклікаў маладых людзей дастойна прадаўжаць традыцыі нашых слаўных продкаў, пажадаў будучым воінам духоўнай і цялеснай крэпасці і ў цяжкія хвіліны звяртацца па падтрымку да Госпада. 

Кульмінацыяй Дня прызыўніка стала ўручэнне павестак хлопцам. Таксама дзеці атрымалі невялікія сувеніры ад РК ГА "БРСМ" і Лепельскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь". Віншаванні прызыўнікам чаргаваліся з музычнымі нумарамі артыстаў раённага Дома культуры, якія былі цёпла сустрэты бурнымі апладысментамі.

Прыемна, што многія хлопцы з жаданнем ідуць служыць у войска, а некаторыя ўжо падумваюць пра ваенную службу па кантракце. Так, напрыклад, Ігар Жарнасек і Мікіта Пруднікаў з'язджаць з дому, вядома, не хочуць, але аддаць доўг Радзіме гатовы. На службу ідуць з пазітывам і мэтай стаць больш мужнымі, атрымаць вайсковую прафесію і каб бацькі імі ганарыліся.

Мерапрыемства атрымалася цікавым і запамінальным, упэўнены, прызыўнікі запомняць яго надоўга.

Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"

Да спіса навін