Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
13 снежня 2023

Дзіцячая бібліятэка на Лепельшчыне адзначыла сваё 70-годдзе

Хочацца сказаць, што храм кнігі для многіх з нас смела можа прэтэндаваць на званне роднай хаты. У святочны дзень у цёплай і сяброўскай атмасферы тут сабралася шмат сяброў і гасцей, якія прыйшлі павіншаваць імянінніка.

Юбілей - гэта не проста лічбы і даты. За імі людзі, думкі, вялікая праца і кропка адпраўная, што калісці дала штуршок і вывела наперад на шлях шуканняў, творчасці, адкрыццяў!

…А як усё пачыналася?

На імгненне «бібліятэчны экспрэс» панёс усіх гасцей у падарожжа па старонках яе гісторыі.

…Рашэннем №411 Лепельскага райсавета дэпутатаў працоўных ад 6 ліпеня 1953 года ў мэтах паляпшэння бібліятэчнай работы ў раёне і ў адпаведнасці з наказам выбаршчыкаў была адкрыта з 1 ліпеня 1953 года ў горадзе Лепелі дзіцячая бібліятэка на базе дзіцячага аддзялення райбібліятэкі. Амаль 40 гадоў дзіцячая бібліятэка знаходзілася ў невялікім, але ўтульным будынку па вуліцы М. Горкага. У самым пачатку дзейнасці ўстановы кніжны фонд складаў 4800 экзэмпляраў, абслугоўвалася 658 чытачоў і выдавалася каля 6000 кніг і часопісаў. Працавала толькі два чалавекі, а першай загадчыцай была Анастасія Засека.

Ужо праз 10 гадоў дзіцячай бібліятэцы было прысвоена званне «Бібліятэка выдатнай працы» і працавала ў ёй тры чалавекі.

У 1990 годзе бібліятэка пераехала ў сучаснае прыгожае памяшканне, якое адпавядае бібліятэчным патрабаванням з плошчай 202 квадратныя метры - з абанементам, чытальнай залай і кнігасховішчам на вуліцу Лабанка, д. 35. Тут жа дагэтуль і знаходзіцца.

Праз 50 гадоў дзіцячая бібліятэка ўжо налічвала 29100 экзэмпляраў кніжнага фонду і абслугоўвала 3354 чытача. Штат бібліятэкі налічваў 7 чалавек, а загадчыцай стала Вольга Локцева, якая была нязменным кіраўніком больш за 33 гады і ў працу ўстановы прыўнесла шмат новага.

У вытокаў дзіцячай бібліятэкі таксама стаялі Анастасія Ходун, Еўдакія Стрыжанок, Ванда Гарбачова, Валянціна Яфрэмкіна.

У розныя гады таксама ўнеслі свой уклад у гісторыю развіцця бібліятэкі Вольга Салдатава, Вольга Ігнатовіч, Алімпіяда Елісеенка, Надзея Кацярова, Валянціна Капытова, Таццяна Тагай, Юлія Скакун, Наталля Булах, Алена Ханяк.

Аб паважаных ветэранах...

У святочны дзень у зале знаходзіліся ветэраны і былыя супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі, сярод якіх Галіна Пшэнка, Галіна Мазго, Галіна Бурак, Галіна Цішкевіч, Алена Стайнова, Валянціна Жарнасек, Наталля Шчарбік, Святлана Клопава. Кожная з іх унесла свой уклад у развіццё дзіцячай бібліятэкі і арганізацыю дзіцячага чытання.

-- У 70-х гадах я ўпершыню перасягнула парог дзіцячай бібліятэкі і стала пастаянным яе чытачом. Памятаю вялізныя стэлажы, да столі, на якіх знаходзіліся кнігі. Прывяла мяне і майго 4-гадовага браціка сюды бабуля. Калі я вучылася ў старэйшых класах, была такая рэч як ВВК. На гэтых занятках я атрымала прафесію бібліятэкара. Маімі настаўнікамі сталі Любоў Іллінава, Зоя Міхно, якія мне прышчапілі любоў да чытання. Пасля атрымання адукацыі маладым спецыялістам я прыйшла ў чытальную залу менавіта ў дзіцячую бібліятэку ў Лепелі. Да гэтага часу яна ўжо змяніла адрас і размясцілася ў прасторным памяшканні.

У той час было шмат індывідуальнай працы з чытачамі, а галоўнымі наведвальнікамі былі дзеці з школы-інтэрната. Рабяты сябе тут адчувалі камфортна, з задавальненнем чыталі новыя кнігі.

Бібліятэкары шукалі новыя спосабы прыцягнення дзяцей. Таксама заўсёды ў іх цікавіліся, пра што кніга, якую яны чыталі, – падзялілася ўспамінамі Галіна Пшэнка.

Дзень сённяшні

Вельмі часта, і ў будні, і ў святы, гучаць у бібліятэцы шчырыя словы любовi і ўдзячнасці ад яе чытачоў. У сваіх шматлікіх водзывах яны дзякуюць работнікам дзіцячай. бібліятэкі за аказанне дапамогі, за добрыя і ўважлівыя адносіны, за прафесіяналізм і кампетэнтнасць. Сапраўды, бібліятэцы ёсць чым ганарыцца! Яна ўносіць значныя перамогі ў скарбонку культурнага жыцця нашага горада.

Сёння ў бібліятэкі багаты кніжны фонд, камфортная чытальная зала. У ёй ёсць усё неабходнае для прыязных, творчых і пазнавальных сустрэч дзяцей. Менавіта тут дзеці маюць выдатную магчымасць не толькі выбіраць кнігі, але і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, маляваць, гуляць у настольныя гульні ў дзіцячым пакоі.

У год бібліятэка абслугоўвае больш за 2,5 тысячы чытачоў. Многія з іх творча падыходзяць да чытання, сябруюць з бібліятэкай і актыўна ўдзельнічаюць у яе жыцці. Гэта дакладныя сябры, якія з кожным сваім прыходам пакідаюць у гэтых сценах іскрынкі свайго сэрца, а бібліятэкары ўдзячныя ім за невычэрпную любоў да кнігі і сяброўскі ўдзел.

Павіншаваць супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі з юбілеем прыйшлі галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Маргарыта Мядзведзева, дырэктар Лепельскай ДШМ Вераніка Хомбак і іншыя прадстаўнікі ўлады і ўстаноў раёна. Святочныя музычныя нумары для імяніннікаў падрыхтавалі нашы артысты Ганна Шаркоўская і Таццяна Невядомская.

На мерапрыемстве прысутнічалі і сельскія бібліятэкары раёна, якія падрыхтавалі гумарыстычную сцэнку-віншаванне.

У дзіцячай бібліятэцы працуюць выдатныя супрацоўнікі. На абанеменце гасцей сустракаюць Алена Знарок і Наталля Верасовая - гэта гаспадыні кніжнага царства. У іх заўсёды знойдзецца, пра што пагаварыць і чым зацікавіць дапытлівых хлапчукоў і дзяўчынак. У чытальнай зале працуе творчая Ганна Каралёва, а кіруе працай калектыву загадчык Вольгі Доўнар.

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі поўныя планаў, і яны абавязкова здзейсняцца. Галоўнае, каб кожны карыстальнiк імкнуўся да спазнання новага, змог знайсці для сябе патрэбную і карысную інфармацыю, а можа быць, адкрыць для сябе цэлы свет.

Семдзесят - гэта ж не так шмат! Бібліятэка дзіцячая! Няхай ва ўсе часы кніга будзе самым добрым і верным сябрам юнага чытача - такімі словамі завяршыла мерапрыемства дырэктар ДУК «Лепельская ЦБС» Алена Мазго.

Наталля Храпавіцкая.

Да спіса навін