Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
8 снежня 2023

Лепельскі хлебазавод. Асартымент на перспектыву

Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Церашкова, якая курыруе пытанні эканомікі і прадпрымальніцтва, з'яўляецца частым госцем на прадпрыемствах Лепельшчыны.

На гэты раз аб'ектам увагі Аксаны Анатольеўны стаў філіял Лепельскі хлебазавод ААТ "Віцебскхлебпрам".

Разам з ёй адправіліся памочнік урача-гігіеніста Лепельскага райЦГіЭ Вольга Хацкевіч, якая праводзіла ацэначныя мерапрыемствы ў рамках міжведамаснай групы, і карэспандэнт газеты.
Дырэктар філіяла Уладзімір Курэнны правёў гасцей па цэхах, расказаў, якія рамонтныя работы вядуцца, што будзе зроблена ў бліжэйшы час, а таксама аб планах на перспектыву.
-- Мы выпускаем сацыяльна значны тавар, без якога не абыходзіцца меню беларусаў. І хоць у нас дастаткова канкурэнтаў, таму што шырокі асартымент хлебабулачных вырабаў прапануюць буйныя сеткі, але ўсё ж у фірмовую краму "Гарачы хлеб" па прадукцыю прыязджаюць не толькі жыхары горада, але і з сельскай мясцовасці, - адзначыў Уладзімір Пятровіч.
Пакуль усе звярталі ўвагу на сцены, столі, вокны, а таксама ўдакладнялі, задавалі пытанні, я назірала і фатаграфавала, як "падрастала" цеста, якое хутка набудзе форму, патрапіць у спецыяльныя расстоечныя шафы, а крыху пазней - у вялікую печ. А потым мы з вамі ўбачым паветраную і румяную, з неверагодным водарам выпечку ў крамах. Адзначым, што на прадпрыемстве штомесяц выпускаецца каля 100 тон хлебабулачнай прадукцыі і каля дзвюх-трох тон кандытарскіх вырабаў. Завод пастаўляе сваю прадукцыю як у гандлёвыя кропкі нашага раёна, так і жыхарам суседніх рэгіёнаў - у Чашнікі, Бешанковічы, Новалукомль і нават Віцебск.
Тут працуюць больш за 90 чалавек. Касцяк калектыву - вопытныя патомныя хлебапёкі.
Так, напрыклад, на хлебабулачным участку нас сустрэла начальнік цэха Людміла Мурашкевіч, якая 35 год працуе на прадпрыемстве. Маладзенькай дзяўчынкай прыйшла сюды, так і засталася тут на доўгія гады і без любімай справы сябе не прадстаўляе.
Людміла Віктараўна памятае, як шмат гадоў таму назад лепяльчане з задавальненнем куплялі бісквітны торт "Хатні" з павідлам і дробкай. Цяпер ужо такі не выпякаюць. Затое з'явіліся новыя кулінарныя вырабы, якія знікаюць з прылаўкаў крам вельмі хутка. Торт "Вясновы настрой", кекс "Сталічны з разынкамі", пірожнае “Какоскі” і “Бушатачка шакаладная”, торт “Дэзірэ”, “Імператрыца новая”, “Паленца”, “Грачанка”, “Палоска з кунжутам”, торт “Казкі шахеразады”, прысмакі мучныя "Кармэн", шматлікія віды пернікаў і печыва - гэта і іншая выпечка карыстаецца асаблівым попытам у насельніцтва.
Пацвярджаючы факт, што за студзень-кастрычнік гэтага года па філіяле Лепельскі хлебазавод аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 113,6 працэнта да ўзроўню мінулага года. На прадпрыемстве вядуцца работы з гандлёвымі аб'ектамі па павелічэнню аб'ёмаў паставак прадукцыі і пашырэнню асартыменту ў крамах горада і раёна. Так, напрыклад, павялічыліся аб'ёмы продажаў у гандлёвай сетцы "Санта", у гандлёвых аб'ектах ЗАТ "Віцебскаграпрадукт", а таксама КУП "Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Жамчужына" і іншых гандлёвых сетках. Заключаны новыя дагаворы на пастаўку прадукцыі з ПУП "Новая Вясёлка" ў Новалукомлі, ІП Дзмітрыем Дзятко, ТАА «Акстэхнагруп».
Нагадаем, што летам філіялам адкрыты новы гандлёвы аб'ект у вёсцы Стаi, у бліжэйшай перспектыве плануецца адкрыццё яшчэ адной гандлёвай кропкі ў вёсцы.
Пашыраны асартымент прадукцыі. З'явілася 3 новыя найменні кандытарскіх вырабаў: прысмакі мучныя "Какетка", "Макавічок", прысмакі мучныя з карыцай. Водзывы аб навінках добрыя, кожны знайшоў для сябе нешта да спадобы. Усяго філіялам вырабляецца больш за 30 найменняў кандытарскіх вырабаў і больш за 30 найменняў хлебабулачных вырабаў, у тым ліку булачных 30 відаў прадукцыі, збажыны — 31 вiд.
Прыемна, што ў кастрычніку заключана дамова на пастаўку прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю - ТАА "ТрансЛайн". Такім чынам, геаграфія жадаючых купляць лепельскі хлеб і кандытарскія вырабы пашыраецца. Ажыццяўляецца і мадэрнізацыя абсталявання. Так, у лістападзе набыта аўтаматычная лінія фармавання дробнаштучных здобных і булачных вырабаў SY-860 коштам 246 тысяч рублёў. …І на гэтым прадпрыемства не збіраецца спыняцца.
Забылася расказаць пра любімы хлеб лепельчан. Па апытаннях жыхароў раёна ў гэтым спісе - хлебец збожжавай, хлеб "Духмяны" заварны, "Лаватэра" з кменам, "Вялікі гасцінец", "Браслаўскі край", "Эсенскі", "Марачанскі" духмяны падавы, "Лепельскі", часнычны, "Традыцыйны", "Пажытны", "Восеньскі падарунак»… -- асартымент смачнай прадукцыі вельмі разнастайны.
***
Як адзначылі намеснік старшыні райвыканкама Аксана Церашкова і спецыяліст райЦГіЭ Вольга Хацкевіч, на прадпрыемстве актыўна вядуцца рамонтныя работы, максімальна ўстараняюцца раней адзначаныя заўвагі, прыведзена ў парадак тэхналагічная дакументацыя. Акрамя гэтага, кіраўніцтва філіяла зацікаўлена ў развіцці прадпрыемства, пашырае асартымент прадукцыі і геаграфію паставак.

Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"

Да спіса навін