Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
11 красавіка 2024

Не асабістая справа: у Лепельскім РАУС прайшло выязное пасяджэнне раённага суда

З 8 па 17 красавіка на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзіцца асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі "Дом без гвалту!", бо праблема сямейных дэбашыраў застаецца вельмі актуальнай у нашым грамадстве.

У рамках акцыі ў Лепельскім РАУС прайшло выязное пасяджэнне раённага суда на чале са старшынёй суда Лепельскага раёна Міхаілам Юрчанкам, дзе разглядаліся справы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да грамадзян, якія ўчынілі гвалт у сям'і.

Адразу адзначым, у прысутных на судзе ланцужок падзей падобны: выпілі спіртнога - учынілі скандал - патрапілі ў міліцыю - апынуліся на пасяджэнні суда. Але зараз, упэўнены, такія прыгоды ім запомняцца надоўга.

Акалічнасці з адной справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 10.1 КоАП. Мужчына пражывае ў адной з вёсак Лепельскага раёна разам з жонкай, з якой на днях учыніў скандал. Лаяўся нецэнзурнай лаянкай, крычаў, пагражаў жонцы фізічнай расправай, прычыніўшы ёй псіхічныя пакуты. Тая доўга цярпець не стала і выклікала міліцыю. Дадамо, правапарушальнік у шлюбе з жонкай - больш за 30 гадоў, і да гэтага часу жонка не звярталася ў РАУС.

- Чаму здзейснілі такія дзеянні? – задае пытанне Міхаіл Рыгоравіч.

— Мне ў гэты дзень сказалі, што жонка здраджвае, але я нават не думаў, што яна выкліча міліцыю з-за нашай сваркі. Такога болей не паўторыцца. Прабачце мне, - з раскаяннем кажа мужчына.

Грамадзянін некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці летась за правапарушэнні па лініі ДАІ, таксама раней быў судзімы.

Суд пастанавіў затрыманага прызнаць вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

У аснове іншай справы, разглядаемай судом, падобная сітуацыя. 1985-га года нараджэння мужчына пражывае разам са сваёй састарэлай маці. Не жанаты, дзяцей не мае, можна сказаць, мама - найбліжэйшы ў гэтым жыцці чалавек.

Некалькі разоў гэты грамадзянін ужо прыцягваўся ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 10.1 КоАП, за аналагічныя дзеянні. Акрамя гэтага, знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага ў сувязі з алкагольнай залежнасцю.

-- Ну я ж не ўвесь час п'ю. Падзарабляю, пасля працы магу выпіць. Але сваю віну прызнаю, - пачаў апавяданне мужчына.

-- Што адбылося ў той вечар? - задаў пытанне старшыня суда.

-- Маці да гэтага мне казала: "Вып'еш, выклічу міліцыю". Тады прыйшоў з працы, пераапрануўся. Сустрэўся з Андрэем, выпіў 0,5 гарэлкі на дваіх, потым яшчэ 0,7 гарэлкі. Калі вярнуўся дадому за цыгарэтамі, маці выклікала міліцыю.

-- І ўсё? А навошта тады кажаце, што прызнаеце сваю віну?

-- Каб менш штрафу далі.

З тлумачэнняў маці, сын у 23 гадзіны 15 хвілін учыніў скандал, патрабаваў у яе грошы на спіртное, хапаў яе за кофту ў вобласці горла, лаяўся нецэнзурнай лаянкай, прычыніў ёй псіхічныя пакуты. Потым узяў грошы ў памеры 15 рублёў і пайшоў на вуліцу, таму яна і выклікала міліцыю.

На пасяджэнні ўсе спрабавалі пераканаць суд у сваім раскаянні. Але… пацярпелыя ёсць, зварот у міліцыю, пратакол складзены - час адказваць па законе.

Міхаіл Рыгоравіч прысутным нагадаў, што за здзяйсненне любога правапарушэння законам прадугледжана пакаранне.

Памыліцца можа кожны чалавек. Блізкія часцей за ўсё гатовы дараваць памылку, але калі гэта становіцца заканамернасцю, любому цярпенню прыходзіць канец.

На жаль, некаторыя грамадзяне не хочуць весці законапаслухмяны лад жыцця і сваімі паводзінамі не толькі перашкаджаюць блізкім, але і падвяргаюць іх псіхічнаму і фізічнаму гвалту, небяспецы для жыцця. Пакутуюць дзеці. Гэта недапушчальна. У нашай дзяржаве хатні гвалт знаходзіцца на кантролі, прымаюцца меры, каб падобныя факты не адбываліся.

Але вельмі часта ахвяры хатняга гвалту не звяртаюцца ў органы ўнутраных спраў на пачатковых этапах уздзеяння на іх сямейнага агрэсара. І як бы ні імкнуліся супрацоўнікі міліцыі выявіць праблемныя сем'і, без дапамогі навакольных зрабіць гэта немагчыма. Відавочцы такіх сітуацый - сваякі, настаўнікі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, суседзі не павінны заставацца безуважнымі. Нажаль, часта толькі пасля трагедыі навакольныя пачынаюць казаць, што падазравалі нядобрае, бачылі сінякі на твары жанчыны, страх дзяцей перад бацькам. Важна біць трывогу пры першых званочках. Толькі ўсе разам грамадзяне змогуць заклікаць сямейных дэбашыраў да адказу.

Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"

Да спіса навін