Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
12 студзеня 2024

Першы ў Лепельскім раёне. У аддзеле ЗАГС прайшла ўрачыстая рэгістрацыя нараджэння дзіцяці

Правядзенне такіх цырымоній стала ўжо традыцыйным, але кожная з іх праходзіць вельмі цёпла. Як вядома, сапраўднае сямейнае шчасце поўнае толькі тады, калі ў хаце гучаць дзіцячыя галасы. Гэтае меркаванне цалкам падзяляюць у сям'і Таццяны і Арцёма Падабед, бо іх ячэйка грамадства папоўнілася трэцім дзіцём - сыночкам Дзянісам, які нарадзіўся 3 студзеня.
Са шчырымі пажаданнямі да мамы звярнулася начальнік аддзела ЗАГС Алена Бельская:
-- Дзень рэгістрацыі нараджэння з'яўляецца не толькі асаблівым, але і важным. У гэты момант у чалавека з'яўляецца першы ў яго жыцці дзяржаўны дакумент - пасведчанне аб нараджэнні. Менавіта дзякуючы гэтай падзеі ён становіцца афіцыйна грамадзянінам сваёй краіны, - адзначыла Алена Канстанцінаўна і з цёплымі словамі пажаданняў дабра і шчасця ўручыла пасведчанне і падарунак. Самыя шчырыя пажаданні гучалі ў гэты дзень і ад першага сакратара Лепельскага РК ГА «БРСМ» Дар'і Мазго, якая таксама падарыла сувенір для маленькага лепельчаніна.
Нараджэнне дзіцяці напаўняе жыццё сям'і асаблівым святлом і падпарадкоўвае нас жыць па новым рытмам. Але першае, што робяць бацькі - гэта даюць немаўляці імя. Імя Дзяніс абяцае шмат добрых якасцяў. Гэта ў сваёй большасці няўрымслівыя, разумныя, шматбакова развітыя людзі, якія валодаюць красамоўнасцю, таварыскасцю, непасрэднасцю. Носьбіты гэтага імя ніколі не сядзяць на месцы, заўсёды гоняцца за якой-небудзь мэтай, і самае цікавае, у большасці выпадкаў дасягаюць яе…
Арцём і Таццяна Падабед выхоўваюць трох выдатных хлапчукоў -- Яўхіма, Мацвея і Дзяніса. На пытанне, як мама паспявае спраўляцца з 3 малымі, бо старэйшаму ўсяго 3 годзікі, Таццяна з усмешкай адказала: «У мяне вельмі добрыя памочнікі». На самай справе, калі муж не ў камандзіроўцы, дапамагае жонцы, не падзяляючы абавязкі на мужчынскія і жаночыя. На момант яго адсутнасці з задавальненнем займаецца з дзецьмі бабуля. Муж і жонка знаёмы з дзяцінства. Дзяўчына родам з Велеўшчыны, туды ж да бабулі з суседняй Літвы на канікулы часта прыязджаў і Арцём. Калі Таццяне споўнілася 19 гадоў, будучы муж разгледзеў у ёй тую самую адзіную, з якой хацеў бы ісці па жыцці. У 2019 годзе маладыя зарэгістравалі свой шлюб.
-- Што б вы хацелі пажадаць сваім дзецям?
-- Каб яны выраслі добрымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі нашай рэспублікі. Ну і, вядома, здароўі і шчасці ім!
Арцём з дзяцінства наведвае Беларусь, можна сказаць, яна для яго стала з часам роднай і любiмай. Але найбольш шануе нашу краіну за тое, што тут сустрэў сваё каханне. Падабеды сур'ёзна ставяцца да сямейных каштоўнасцяў, бо гэта найважны падмурак, на якім будуецца жыццё любога чалавека. Арцём і Таццяна лічаць, што фармаванне асобы пачынаецца менавіта ў сям'і. Дзецям неабходна на уласным прыкладзе паказваць, наколькі важная сям'я, тлумачыць, чаму неабходна шанаваць традыцыі.
Упэўнены, прыемныя ўспаміны, якія пакінула ўрачыстасць, падрыхтаваная для сям'і Падабед, запомніцца ім на ўсё жыццё. А сямейны альбом сям'і ў гэты дзень папоўніўся новымі фатаграфіямі, якія захавалі шчаслівы момант.
Наталля Храпавіцкая.

Да спіса навін