Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
19 снежня 2023

Справаздачны канцэрт калектываў мастацкай творчасці сельскіх клубных устаноў «Агракруіз-2023» прайшоў у Лепельскім раёне

У мерапрыемстве прынялі ўдзел таленавітыя творчыя калектывы 7 устаноў – філіялы «Бароўскі Цэнтр культуры і вольнага часу», «Горскі сельскі клуб», «Дамжарыцкі сельскі Дом культуры», «Каменскі сельскі Дом культуры», «Палсвіжскі сельскі Дом культуры», «Старалядзенскі сельскі Дом культуры» і «Чарэйшчынскі сельскі Дом культуры», якія пакарылі гледачоў сваімі разнапланавымі нумарамі.
У суботні вечар на сцэну выйшлі прадстаўнікі розных устаноў і прадпрыемстваў раёна, якіх аб'ядноўвае жаданне дарыць людзям радасць. Знайшлося месца і песням, і танцам, і гумарыстычным сцэнкам. Ужо з першага нумара стала зразумела, што ў зале будзе «горача». Вакальны секстэт «Беражніцы» Каменскага сельскага Дома культуры паказаў свой вясёлы і добры нораў нумарам «Танчым, спяваем».
Ніне Хрычэнка са Старалядзенскага сельскага Дома культуры падчас выступу з рускай народнай песняй «Валёнкі» падпявала ўся зала. Нікога не пакінула абыякавым песня «Ах, лёс» у выкананні Юрыя Дакшаніна і Тамары Крыўко, якія прадстаўлялі Чарэйшчынскі сельскі Дом культуры. Гучна гледачы апладзіравалі вакальнай групе «Аколіца» з Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Хочацца сказаць, што нашы сельскія творчыя калектывы служаць годным прыкладам захавання традыцый, каштоўнасцей, народнай творчасці. Сваімі нумарамі яны «зараджаюць» усіх навакольных энергіяй і пазітывам. Так, удзельнікі драматычнага гуртка Горскага сельскага клуба дастойна прадставілі сваю сцэнку «Пра дзяўчынку». Яркімі і запамінальнымі выступленнямі сталі маналог «Даярка-вынаходца» ў выкананні Лідзіі Ганчар з Палвіжскага сельскага Дома культуры і музычны нумар «Ой, на горцы каліна» ў выкананні вакальнай групы «Бярэзіначка» Дамжэрыцкага сельскага Дома культуры. Больш за 20 класных нумароў падрыхтавалі артысты ў гэты вечар. Гледачы ўбачылі творчыя нумары, розныя па зместу і стылі: ад лірычных песень, якія бяруць за душу, да завадных і жыццярадасных выступаў. Са сцэны не толькі прадэманстравалі, чым сёння жывуць жыхары аграгарадкоў, якія формы працы выкарыстоўваюць для прыцягнення насельніцтва да творчай дзейнасці, але і ў які раз даказалі ўсім, што ў сельскіх населеных пунктах ніколі не бывае сумна. Канцэрт мінуў на адным дыханні, хоць і доўжыўся некалькі гадзін. Таксама ў гэты вечар гледачы сталі сведкамі нараджэння новых зорак, сярод якіх не толькі моладзь, але і людзі старэйшага ўзросту. Хочацца адзначыць работнікаў раённага Дома культуры, бо дзякуючы іх старанням мерапрыемства стала сапраўдным святам. Усе гледачы і артысты як быццам апынуліся на борце гасціннага лайнера, які адправіўся ў свет музыкі і добрага настрою. А агульны градус настрою паднімалі вядучыя-бортправадніцы зімовага агракруізу Вольга Шкіранда і Анжаліка Паўлава. Акрамя гэтага, у рамках агракруізу была падрыхтавана выстава, на якой калектывы-ўдзельнікі прадставілі сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. І ўсё гэта зроблена ўмелымі рукамі ўдзельнікаў. Жадаем артыстам упэўнена ісці толькі наперад, не спыняцца на дасягнутым. Пабольш творчых знаходак кожнаму ўдзельніку, і няхай іх яркія пастаноўкі дораць людзям радасць!
Наталля Храпавіцкая. Газета «Лепельскі край»

Да спіса навін