Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
10 студзеня 2024

У Лепельскім раённым краязнаўчым музеі адкрылася новая экспазіцыя «Школьны музей»

Можна спрачацца пра чэргі ў крамах, малы асартымент тавараў у савецкі час, але гэта яшчэ і частка жыцця, а для кагосьці лепшыя гады, у тым ліку школьная пара. Мы таксама вырашылі ўспомніць, якой была школа пры СССР.
Адразу адзначым, што многія жыхары раёна, наведаўшы экспазіцыю, з першых хвілін акунуцца ў сваё дзяцінства. Тут можна ўбачыць драўляную парту, за якой мы ў школе "ўбіралі" веды. На інтэрактыўнай панэлі - паглядзець фатаграфіі, пачынаючы з 1917 года (я, напрыклад, не ведала, што ў Лепелі было Марыінскае жаночае вучылішча), гісторыю стварэння школ, фота выпускнікоў, унікальныя адукацыйныя дакументы і многае іншае. Упэўнена, зацікавяць наведвальнікаў займальныя факты са сферы адукацыі. Так, напрыклад, даведацца, чаму 1 верасня стала датай пачатку навучальнага года, вывучыць інфармацыю пра першы дзіцячы садок у Беларусі, пра школу, якая атрымала назву ў гонар Бярэзінскай воднай сістэмы і шматлікае іншае. Ёсць магчымасць разгадаць рэбусы, віктарыны, крыжаванкі, тым самым праверыць свае веды.
На інтэрактыўнай дошцы адразу ж стала шукаць сваю ўстанову адукацыі - сярэднюю школу №2 г. Лепеля. Сябе на фота не знайшла, але была рада ўбачыць сваіх аднагодкаў і знаёмых, а таксама любiмых настаўнікаў. Акрамя гэтага, можна ўспомніць школьныя рэчы: форму, ранцы, абутак, сшыткі, падручнікі і многае іншае. Увогуле, усё, на што мы не зважаем, пакуль карыстаемся. Але па заканчэнні часу пачынаем разумець, што з гэтага складалася эпоха.
Прызнаюся, экспазіцыя настальгічная. Так захацелася адразу прысесці за парту і вярнуцца гадоў на 30-35 таму, тады ўсё мянялася не так хутка, як цяпер.
Погляд зачароўваюць знаёмыя, але забытыя прадметы. І апісваць іх, мусіць, бескарысна - гэта трэба бачыць і ўспомніць! “Тая самая школьная сукенка, ранец, сшыткі і падручнікі”. О, у мяне такія былі кеды - зручныя, іншых і не хацела… У кожнага наведвальніка родныя сэрцу прадметы будуць свае. Савецкая школа - гэта ўнікальная з'ява, для шматлікіх з нас сапраўдны эмацыйны ўсплёск. А яшчэ выстава дае падставу паразважаць, чым адрознівалася сістэма адукацыі ў СССР ад сучаснай. Адмысловае задавальненне выклікаюць назвы падручнікаў і кніг, у якіх мы знаходзілі для сябе шмат цікавага. Асобнае месца ў экспазіцыі выдзелена прадметам, якімі карысталіся савецкія школьнікі. Сярод іх разнастайныя цыркулі, сцеркі, ручкі... А заплечнік... Менавіта такі быў у мяне і шматлікіх рабят таго часу. Разглядаць экспанаты можна доўга і ў гэты час знаходзіцца ў тых часах, успамінаць дзяцінства і юнацкасць. Вы нават не ўяўляеце, колькі ў памяці ўсплыло момантаў, пра якія ў паўсядзённым жыцці проста не думала. Здаецца, кожны прадмет выклікае нейкія асацыяцыі, успаміны і яркія эмоцыі. Мне нават не патрэбен тут экскурсавод, як і шматлікім, хто ведае не па кнігам гэты перыяд. Упэўнена, у кожнага наведвальніка з экспанатамі звязана свая ўнікальная гісторыя.
Сучаснай моладзі складана зразумець нашу нуду па савецкім мінулым, бо яны жывуць у свеце тэхналогій, бязмежных магчымасцяў і камфорту. Але наведаць экспазіцыю падрастаючае пакаленне проста абавязана, бо без мінулага не бывае будучыні.
Наталля Храпавіцкая.

Да спіса навін