Главная / Новости / Новости района

Доплыли до моста через Березину, на границе Докшицкого и Лепельского районов

24.07.2017

Хочаш праверыць чалавека — сядай з ім у адну лодку. Памятаеце, яшчэ Уладзімір Высоцкі спяваў, "хлопца ў горы цягні, рызыкні, не кідай аднаго яго, хай у звязцы адной з табой…" У гарах — у адной звязцы, на рацэ ж — у адной лодцы сябры правяраюцца.

Зрэшты, турпаход, арганізаваны Бярэзінскім біясферным запаведнікам, адделам адукацыі, спорту і турызму, а таксама цэнтрам дзяцей і моладзі, меў на мэце не столькі праверыць узаемадачыненні яго ўдзельнікаў, колькі на практыцы "паэкзаменаваць" у турыстычнай справе педагогаў дадатковай адукацыі. Запаведнік імкнуўся прадэманстраваць свае "эколага-турыстычныя магчымасці ў фарміраванні светапогляду дзяцей". Ну, ды гэта афіцыйныя фармулёўкі. А як жа ўсё выглядала на справе?

Чароўным летнім ранкам адзінаццаць супрацоўнікаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі — Аляксандр Волчак, Таццяна Ільіна, Ірына Трубека, Ала Міснік, Фядосся Лагойская, Алена і Юрый Лебедзевы, Віктар Радзько, Марына Самонава, а таксама дырэктар Ала Чуро і педагог дадатковай адукацыі, ён жа супрацоўнік запаведніка Аляксей Багавец — адправіліся ў Домжарыцы. Там педагогаў ужо чакалі. Турыстычны аддзел запаведніка наладзіў для іх экскурсію па Доме экалагічнай асветы. Пацікавіліся вальерамі са звярамі, а затым аўтобусам, пагрузіўшы лодку і свой турыстычны правіянт, паехалі да вёскі Беразіно Докшыцкага раёна. Менавіта там была стартавая база іх воднага турыстычнага сплаву.

Дружна, разам надзімалі лодку. Дзе б яшчэ пабачыць такую лодку! Цэлы надзіманы "танкер", дзе камфортна размясціліся не толькі адзінаццаць турыстаў, а і ўся іх даволі важкая правізія. Лодка складанай пабудовы, са шматлікімі адсекамі і г.д. І вось, нарэшце, вяледа спусцілася на ваду. Шчаслівай дарогі!

Шчыра кажучы, большасць удзельнікаў паходу былі навічкамі і дылетантамі ў гэтай справе, але сярод сплаўшчыкаў знайшліся і такія, хто, як кажуць, "сабаку з'еў" на вадзе. Гэта, прынамсі, Аляксей і Аляксандр. Яны па пераменцы і сядзелі "за штурвалам". А веславалі ўсе. Шчыльныя ратавальныя камізэлькі, накінутыя на плечы, не толькі выконвалі сваё непасрэднае прызначэнне, а і не давалі расслабіцца. Гадзіна-другая за вяслом — і ўжо пот ліецца ручаём. Ветрыкам, вядома, не прайме спіну ў такой камізэльцы, ды які там ветрык — надвор'е як па заказе. Дзіва, гэтым дажджлівым летам нашым турыстам і сапраўды незвычайна пашанцавала — ярка свяціла сонейка, і ў яго пяшчотных промнях рэчка Бярэзіна паўстала перад імі ва ўсім сваім харастве. Вось толькі любавацца тым хараством не надта выпадала. Трэба было пільна сачыць за водным маршрутам, на якім магло здарыцца ўсё — і на сухадрэвіну можна было напароцца, і ў вір трапіць. У адной лодцы, як у адной звязцы: перастане хтосьці веславаць — і тут жа закруціць лодку, памяняецца курс.

У адным месцы, праўда, калі ўжо вярталіся дадому, давялося-такі спыніцца — шлях перагарадзіла велізарнае дрэва, што разаслалася над вадою. І што ні рабілі, абмінуць яго не ўдалося. Мусілі вылазіць і пераносіць лодку на другі бок на руках. Страцілі з-за гэтага мо паўгадзіны ці болей. А так дабіраліся без асаблівых прыгод, калі не лічыць страшныя расказы пра лютую мядзведзіцу, якая нібыта гаспадарыць на процілеглым беразе. Можа, такім чынам хлопцы хацелі напалохаць, а ці заінтрыгаваць дзяўчат?

Нарэшце, дабраліся да ўрочышча Масцішча, канечнага пункта свайго падарожжа, дзе спыніліся аж на дзве начы.

Паставілі палаткі, расклалі вогнішча, узяліся за справы кухарскія. Тут ужо гаспадарыла Ала Міснік. Яна ж і закупляла правізію за кошт прафсаюзных сродкаў. Зварылі макароны з тушонкаю, прыгатавалі духмяную гарбату з зёлак.

Добра было б пакупацца пасля цяжкай і для многіх нязвыклай дарогі, ды вада ў рацэ халодная, як з крыніцы. Толькі гарлачыкам камфортна ў такой вадзе. Нідзе дагэтуль не сустракалі нашы падарожнікі столькі жоўтых і белых гарлачыкаў. Выратавала… лазня. І такая раскоша была прадугледжана ў паходзе! Адмыслова ў адной з палатак устанавілі лазню, дзе награваюцца камяні, і такім чынам ствараецца пара. Можна мыцца. А пасля лазні некаторыя адважныя рызыкнулі і ў раку нырнуць.

Назаўтра быў дзень адпачынку. Гулялі ў мяч, прыгадалі гульні свайго дзяцінства, такія, скажам, як лапта. Фатаграфаваліся. Віктар Радзько, прафесійны, можна сказаць, фатограф, наладзіў для дзяўчат фотасесію на ўлонні прыроды. Вечарам жа — зноў вогнішча і песні пад гітару. Які ж паход без начное рамантыкі гітарных трэляў!

А раніцай трэцяга дня пачалі збірацца дадому. Раптам замарасіў невялікі цёплы дожджык — ну, і што! Імжака ўжо нікому не магла сапсаваць узнёслага настрою, у палоне якога знаходзіліся турысты. Дарогай дадому цяжкія азызлыя хмары спрабавалі дагнаць падарожнікаў, але так і не дагналі. Сонца па-ранейшаму пякло ў спіну.

Каля трыццаці двух кіламетраў воднага шляху пераадолелі яны за два дні па Бярэзіне. На першы погляд, не так і шмат для кагосьці спрактыкаванага ў падобных паходах. Дзеці-турысты, бывае, пераадольваюць і болей. Аднак не трэба забываць, што гэта быў першы паход педагогаў дадатковай адукацыі ЦДМ. Першы — ды, дай Бог, не апошні.

Даплылі да моста праз Бярэзіну, на мяжы Докшыцкага і Лепельскага раёнаў, здулі дружным кагалам лодку, пагрузілі зноў правіянт на аўтобус і — дадому. Дамовіліся абавязкова штогод у падобныя вандроўкі хадзіць, бо для калектыву гэта не толькі педагагічна-вытворчая практыка — нешта большае: пачуццё локця. У адной лодцы, як і ў адной звязцы, сталее, гартуецца, правяраецца на годнасць калектыў. Бо, нягледзячы на дабрабыт і жыццёвы камфорт, мы зараз надзвычай раз'яднаныя — па кватэрах, канапах, за камп'ютарам, тэлевізарам, на ўласных куханьках і сотках, за гадзінамі штодзённых шматлікіх спраў. Не хапае нам у спакойным нашым жыцці менавіта гэтага пачуцця локця ў адной лодцы.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: педагогі цэнтра дзяцей і моладзі ў турпаходзе па Бярэзіне.