• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

«Сакральные и исторические места Березинского заповедника»

03.05.2018

З мінулага года на базе Бярэзінскага запаведніка працуе Цэнтр міфалагічнага турызму. У яго склад уваходзяць “Музей міфаў”, экасцежка, “У краі міфаў”, сонечная электрастанцыя. Галоўны аб’ект Цэнтра — “Музей міфаў” — карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў.

Яшчэ на ўваходзе можна пазнаёміцца са схемай “Сакральныя і гістарычныя мясціны Бярэзінскага запаведніка”, на якую нанесены аб’екты і мясціны з легендаў і паданняў, што перадаюць з пакалення ў пакаленне жыхары запаведных вёсак. На схеме можна пабачыць помнікі гісторыі і культуры, якія з цягам часу набылі сакральнасць і сталі сюжэтам для з’яўлення новых міфаў. Таксама яны сведчаць пра тое, што людзі прыйшлі на гэтую зямлю даўным-даўно і пакінулі пасля сябе багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну. Дзякуючы легендам і паданням, жыве памяць пра тое, што адбывалася ў гэтых мясцінах у розныя гістарычныя эпохі — ад сівой старажытнасці да дзён цяперашніх.

Прыемна было пабачыць тут тое, да чаго непасрэдна маю дачыненне. Для кагосьці гэта проста схема з прыгожымі ўмоўнымі абазначэннямі. А для мяне за кожным значком хаваецца зусім іншы змест — дзясяткі сустрэч з апавядальнікамі ў запаведных вёсках, якія з захапленнем расказалі пра схаваныя скарбы і многае іншае. Краязнаўчыя блуканні і археалагічныя разведкі, без якіх многія міфы і аб’екты матэрыяльнай культуры назаўсёды згубіліся б у часе і прасторы.

Экскурсавод Віктар Роўда распавядае, што сярод наведвальнікаў запаведніка шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй. Такім гасцям тут прапаноўваюць шэраг захапляльных і цікавых маршрутаў, дзе яны не толькі пабачаць сакральныя аб’екты, але і пачуюць шмат цікавых легендаў і паданняў. Адно з іх пра Цмока, што жыў недзе ў тванях Домжарыцкага балота. Калісьці яно было вялікім і прыгожым возерам. Сёння Бярэзінскі запаведнік — месца, дзе нароўні з прыроднай спадчынай дбаюць пра захаванне ўсяго самага лепшага, што дасталася нам ад продкаў. Менавіта такой скарбонкай стаў Цэнтр міфалогіі.

Валерый ТУХТА.