Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Аб спрошчаным парадку будаўніцтва і рэканструкцыі распавёў намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Сяргей Быстрыцкі

12.12.2023

За апошнія два гады заканадаўства ў сферы будаўніцтва зведала значныя змены. Быў прыняты шэраг нарматыўна-прававых дакументаў, накіраваных на скарачэнне папяровай цяганіны пры ўзвядзенні аднакватэрных жылых дамоў і нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці на прысядзібных зямельных участках.

Падрабязна пра гэта нам распавёў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Быстрыцкі, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
-- Як вядома, з 15 снежня 2022 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №202 «Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб'ектаў будаўніцтва».
Нормы гэтага Указа ўстанаўліваюць новыя магчымасці будаўніцтва і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і нежылых капітальных пабудоў у залежнасці ад месца знаходжання зямельнага ўчастка, - пачаў нашу гутарку Сяргей Міхайлавіч. 

- Як зараз можна будаваць на вёсцы? 

- Для ўзвядзення або рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў пятага класа складанасці ў сельскіх населеных пунктах дастаткова мець дакумент, які сведчыць права на зямельны ўчастак. -

 А якія аб'екты адносяцца да аб'екта пятага класа складанасці? 

- Пералік аб'ектаў, якія адносяцца да 5-га класа складанасці, змяшчаецца ў будаўнічых нормах 3.02.07-2020 «Аб'екты будаўніцтва. Класіфікацыя». Да асноўных характарыстык аб'ектаў 5-га класа складанасці, якія трапляюць пад дзеянне Указа № 202, адносяцца аднакватэрныя жылыя дамы вышынёй да 7 метраў і архітэктурнай вышынёй да 12 метраў. Таксама сюды ўваходзяць гаспадарчыя пабудовы на прысядзібных участках, калі не перавышаюцца наступныя крытэры: агульная плошча - 200 метраў квадратных, вышыня - 7 метраў, архітэктурная вышыня - 12 метраў.

-- Ад якіх працэдур зараз можна адмовіцца, пасля ўступлення ў сілу Указа № 202? 

- Указам прадугледжана, што аб'екты можна пабудаваць без атрымання дазволаў і распрацоўкі праектнай дакументацыі.

-- Ці можна ўвесці ў эксплуатацыю жылы дом па Указу №202 пасля рэканструкцыі, калі яго рэканструкцыя пачата больш за 6 гадоў таму?

-- Дзеянне Указа распаўсюджваецца на аб'екты, пачатыя будаўніцтвам пасля ўступлення яго ў сілу. Такім чынам, яго дзеянне не распаўсюджваецца на жылыя дамы, пачатыя будаўніцтвам на падставе раней выдадзенай дазвольнай дакументацыi.

-- Ці трапляюць пад дзеянне Указа зямельныя ўчасткі, набытыя з аўкцыёну да ўступлення ў сілу? 

- Не. Будаўніцтва аб'ектаў на зямельных участках, набытых на аўкцыёнах да ўступлення ў дзеянне Указа № 202, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі праведзенага аўкцыёну.

-- Існуюць нормы па размяшчэнні аднакватэрнага жылога дома і гаспадарчых пабудоў на прысядзібным зямельным участку?

-- Неабходна памятаць, што адлегласць ад межаў суседняга (сумежнага) зямельнага ўчастка да жылога дома павінна складаць не менш за 3 метры, нежылых капітальных пабудоў - не менш за 2 метры. У кожным індывідуальным выпадку лепш звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

-- Ці ўплываюць неяк нормы Указа на тэрміны, у якія зямельны ўчастак павінен быць асвоены? 

- Не. Указ № 202 змяшчае толькі нормы, якія ўстанаўліваюць спрошчаны парадак будаўніцтва жылых дамоў, і не змяшчае нормы аб тэрмінах іх будаўніцтва. Тэрміны будаўніцтва жылых дамоў вызначаюцца іншымі нарматыўна-прававымі актамі, дазвольнай дакументацыяй.

-- Якія яшчэ нарматыўна-прававыя акты, прынятыя ў апошні час, дапамогуць грамадзянам для рэгістрацыі ўзведзеных пабудоў? 

-- Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2022 года №253 «Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб'ектаў будаўніцтва», які ўступіў у сілу з 1 верасня 2023 года. Дадзены нарматыўна-прававы акт дае магчымасць грамадзянам, зарэгістраваць збудаваныя імі аб'екты нерухомасці па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа без наяўнасці дазвольнай дакументацыі на іх будаўніцтва. 

Указ №253 распаўсюджваецца на аб'екты будаўніцтва, узведзеныя (рэканструяваныя) грамадзянамі на зямельных участках, правы на якія ў іх узніклі да 1 верасня 2022 года і прызначаныя для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў. 

- Указ № 253 можна прымяняць да ўсіх аб'ектаў? 

- Не. Толькі ў дачыненні да аб'ектаў пятага класа складанасці і аб'ектаў, якія адпавядаюць будаўнічым нормам і горадабудаўнічай дакументацыі ў частцы захавання нармаваных разрываў ад межаў зямельнага ўчастка да збудаваных (рэканструяваных) аб'ектаў. Указ № 253 носіць часовы характар, і дзейнічае да 1 студзеня 2025 года.

У перыяд дзеяння будаўнічай амністыі ў дачыненні да грамадзян, якія ўзвялі жылы дом або гаспадарчыя пабудовы без дазвольнай і праектнай дакументацыі меры адміністрацыйнай адказнасці прымяняцца не будуць.

-- Ці звяртаюцца грамадзяне ў Лепельскі раённы выканаўчы камітэт за ўводам у эксплуатацыю пабудаваных пабудоў без дазвольнай і праектнай дакументацыі у рамках Указа №253? 

-- За перыяд студзень-лістапад бягучага года ў райвыканкам звярнулася больш за 150 грамадзян.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лепельскага райвыканкама.

Гаварыла Наталля Храпавіцкая. Газета «Лепельскі край»


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг