Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У Лепельскім раёне працуе студатрад «Рамонтнікі»

03.08.2023

Штогод пад час канікулаў, і тым больш летніх, раённы камітэт грамадскага аб'яднання «БРСМ» арганізоўвае працу студатрадаў. На прадпрыемствах, плячом да пляча з дасведчанымі калегамі, падлеткі атрымліваюць не толькі магчымасць зарабіць свае ўласныя грошы, але і набіраюцца досведу працы ў працоўных калектывах.

Студатрадаўскi рух працягвае крочыць па Лепельшчыне, далучае хлопцаў да працы і фармуе дысцыпліну. Так, на базе ААТ «Лепельаграсэрвіс» працуе сэрвісны студэнцкі атрад «Рамонтнікі» імя Героя Савецкага Саюза В.Р. Мухіна.

5 бравых рабят на працягу 2 тыдняў будуць дапамагаць работнікам сельгаспрадпрыемства ў рамонце тэхнікі, а таксама ў іншых працах.

Напэўна, многія зараз падумалі: «Як падлеткі могуць ліквідаваць непаладкі ў абсталяваннi?». Могуць, калі яны навучэнцы дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Здавалася б, толькі-толькі скончылі першы курс, але многія з іх ужо разбіраюцца ў тэхніцы. І ў гэтым мы пераканаліся, наведаўшы тэрыторыю мехдвара сельгаспрадпрыемства.

Вось, напрыклад, Дзяніс Міснік і Андрэй Варашко праз пару гадоў выйдуць са сцен каледжа тэхнікамі-механікамі. Каб стаць добрымі спецыялістамі ў любой сферы, патрэбна практыка. У студатрадзе ім выдалася выдатная магчымасць адчуць сваю прафесію раней, чым іншыя хлопцы з групы.

Як сцвярджаюць будучыя аграрыі, ім тут падабаецца, усе супрацоўнікі прадпрыемства прыязныя, гатовы ў любы момант дапамагчы і падказаць, а таксама даць слушную раду.

Дзяніс з дзяцінства марыў працаваць з вялікай тэхнікай, рамантаваць камбайны, трактары і іншыя магутныя машыны. Як і ва ўсіх нас, у яго былі захопленыя эмоцыі, калі назіраў хлапчуком за камбайнам на залатым ячменным полі. А некалькі гадоў таму хлопцу прадставілася магчымасць пасядзець у кабіне з вялізным лабавым шклом, праз якое ўсё поле відаць, як на далоні. Мусіць, гэты выпадак і абумовіў выбар будучай прафесіі.

Акрамя гэтага, Дзяніс з вялікім задавальненнем дапамагае бацьку ў рамонце легкавога аўтамабіля і хутка схоплівае практычныя навыкі.

-- З чаго пачынаецца працоўная раніца ў хлопцаў? – пытаюся ў загадчыка майстэрні сельгаспрадпрыемства Ігара Леанідавіча Бузо.

-- Вядома ж, з інструктажу па тэхніцы бяспекі. Без гэтага ў нас ніяк нельга. На любым сельскагаспадарчым прадпрыемстве пытанням аховы працы надаецца адмысловае увага, якая павялічваецца ў разы, калі гаворка ідзе аб працоўнай занятасці падлеткаў. А потым ужо вызначаем фронт працы на дзень.

-- І які ён на сёння?

-- Зняцце зменных элементаў з сеялкі. Потым трэба будзе дапамагчы разабраць дыскатар, культыватар і іншае абсталяванне. Ну і, калі спатрэбіцца, дапамогуць падбуртоўваць і сушыць збожжа, а таксама наводзіць парадак.

-- А не рана вы ўзяліся за рамонт сеялак? Цяпер жа яшчэ ідзе ўборачная кампанія.

-- Не рана. Не заўважыш, як праляціць час, і пачнецца пасяўная. Струмень клопатаў толькі трохі сціхне зімой.

-- Як байцы зарэкамендавалі сябе?

-- З першых дзён паказалі сябе, можна сказаць, дысцыплінаванымі працаўнікамі. Выконваюць даручаныя заданні адказна.

Цяпер гарачая пара ў сельгаспрадпрыемствах, аграрыі знаходзяцца ў полі да позняга вечара. Дапамога байцоў студатрада як нельга дарэчы. Зразумела, што шмат адразу не атрымліваецца, робяць не так хутка, як супрацоўнікі са шматгадовым стажам. Але кожны з нас некалі быў на іх месцы, таму ставімся з разуменнем. Магчыма, праз пару гадоў нехта з гэтых хлопцаў стане членам нашага калектыву.

-- Хлопцы, ваш атрад носіць імя Валянціна Рыгоравіча Мухіна. А вы ведаеце, як ягоны лёс звязаны з Лепельшчынай і чаму ён атрымаў званне Героя Савецкага Саюза?

-- Вядома, ведаем, - адказаў Дзяніс Міснік. -- Ён нарадзіўся ў горадзе Лепелі ў сям'і ваеннаслужачага. Так як бацька быў вайскоўцам, прыйшлося часта мяняць гарады.

У 1944 годзе скончыў Адэскую спецшколу ВПС, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Таджыкістане. З ліпеня гэтага ж года - у войску.

У 1949 годзе скончыў ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, там жа некалькі гадоў быў лётчыкам-інструктарам. Доўгі час працаваў старэйшым лётчыкам-выпрабавальнікам ОКБ, пазней - начальнікам лётна-выпрабавальнага комплексу.

-- За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выпрабаванні новай авіяцыйнай тэхнікі палкоўніку Мухіну Валянціну Рыгоравічу ў 1966 годзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка», -- дапоўніў таварыша Андрэй Варашко.

***

Любая праца, нават нескладаная, выпрабоўвае на трываласць. Затое потым хлопцы будуць ганарыцца сабой, развіваць сваю самастойнасць і адказнасць далей. Каштоўнасць студатрадаў у тым, што падлеткі могуць адчуць многія прафесіі на справе, пабываць на розных вытворчасцях, пераканацца, што выбар іх жыццёвага шляху з'яўляецца правільным.

Жадаем, каб добрая практыка працоўнага выхавання падрастаючага пакалення і ў далей актыўна ўкаранялася ў жыццё навучэнскай моладзі на Лепельшчыне!

Наталля Храпавіцкая.

«Лепельскі край» https://lepel-kraj.by/novosti/molodjozhnoe/v-lepelskom-rayone-rabotaet-silhoz-otryad-remontniki-02-08-2023


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг