Вось і прыйшоў час найважнейшай сельскагаспадарчай кампаніі - вясновай палявой 2021 года. Не дарма кажуць: «Што пасееш - тое і пажнеш». Каб яна прайшла ва ўстаноўленыя тэрміны і якасна, у раёне вядзецца вялікая мэтанакіраваная праца.
Каб абмеркаваць важныя пытанні, якія тычацца палявых работ, на базе СПФ «Заазер'е» адбылася калегія, у рабоце якой прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, першы намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Наталля Мончык, намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Андрэй Анатольевіч Булаўкін, а таксама спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі, галоўныя інжынеры і аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна.
На прыкладзе СПФ «Заазер'е» пагаварылі, як прадпрыемствы раёна гатовы да палявых работ. Тут хочацца адзначыць, што на прасторах за вёскай Мацюшына ўжо бачны прыгожыя энерганасычаныя трактары.
Дырэктар СПФ «Заазер'е» Аляксандр Быкаў распавёў, наколькі гатова гаспадарка да веснавых палявых работ, указаў пасяўныя плошчы, якія будуць засеяны гэтай вясной сельскагаспадарчымі культурамi і якое насенне ляжа ў глебу.
Кожны меў магчымасць выказаць сваё меркаванне, падзяліцца вопытам. Абгаварылі пытанні, што тычацца якасці насеннага матэрыялу, набыцця насення высокіх рэпрадукцый і эліты і многія іншыя.