Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Каля 140 танцораў, 25 калектываў. У Віцебску расказалі, якія спектаклі на IFMC варта паглядзець

15.11.2023

Галоўнай падзеяй XXXIV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) стане рэспубліканскі конкурс, дзе танцоры і харэографы Беларусі прадставяць свае лепшыя пастаноўкі. Нязменны дырэктар фестывалю Марына Раманоўская расказала на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, што чакае гледачоў IFMC, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрыццё фестывалю пройдзе 22 лістапада, і маштабны танцавальны форум прадоўжыцца да 26 лістапада. Усяго на IFMC, уключаючы беларусаў, прыедуць прадстаўнікі 10 краін блізкага і далёкага замежжа - Расіі, Македоніі, Італіі, Харватыі і іншых. "Разам з віцебскімі ўдзельнікамі ў конкурснай праграме фестывалю будуць удзельнічаць каля 140 чалавек, 25 калектываў. Агульны час паказу на закрытым туры складзе амаль пяць гадзін. Конкурс будзе складацца з 9 блокаў, закрыты тур будзе праходзіць у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа і ў канцэртнай зале "Віцебск". Фінал адбудзецца на сцэне канцэртнай залы", - расказала журналістам дырэктар фестывалю.

Яна дадала, што па рэгламенце калектывы і выканаўцы могуць прадставіць свае нумары да 20 мінут, напрыклад, мініяцюры або харэаграфічныя спектаклі, аднак такіх у праграме фестывалю будзе няшмат. "У выніку мы адабралі 25 калектываў. Мы дасведчаныя, шмат што бачылі, і здзівіць нас не так лёгка. Большая частка работ - гэта такая моцная добрая сярэдзіна, дзе відаць, што людзі доўгія гады займаюцца харэаграфіяй, іх цела культурна, развіта, яны думаюць, здольны адгукацца на задумы харэографа. І пры гэтым было некалькі работ, якія нас уразілі, здзівілі. Напрыклад, адна з работ будзе прадстаўлена ў стылі тэатра асбурду", - прыадкрыла таямніцу кіраўнік фестывалю, адзначыўшы, што фінал конкурсу абяцае быць вельмі відовішчным і захапляючым.

Марына Раманоўская падкрэсліла, што за больш як 30 гадоў тэма конкурсу стала настолькі блізкая аматарам сучаснай харэаграфіі, што маладыя танцоры і харэографы імкнуцца прыехаць на IFMC, паўдзельнічаць у ім і незалежна ад таго, якое месца яны зоймуць, атрымаць вялікі вопыт, пэўную загартоўку. "Для іх важна тут быць, адбыцца як артысту і танцоўшчыку, быць ацэненымі, пачуць меркаванне калег і паглядзець на іншых. Гэта пляцоўка бясцэнная для такога вопыту", - сказала дырэктар фестывалю.

Госці IFMC не застануцца расчараванымі выступленнямі Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, тэатра "Балет Яўгена Панфілава" з Пермі, тэатра "Балет "Масква" і кампаніі "Канон Данс" з Санкт-Пецярбурга. Гаворачы аб удзельніках з расійскай сталіцы, Марына Раманоўская адзначыла, што ў калектыву цікавая пастаноўка. "Для нас гэта таксама інтрыга, таму што мы глядзелі толькі фрагменты іх выступлення, а прэм'ера гэтага дзейства адбудзецца ў Маскве 17 лістапада, і мы таксама, можна сказаць, атрымліваем прэм'еру. Гэта заўсёды цікава - убачыць тое, што яшчэ амаль ніхто не бачыў. Яшчэ ўпершыню афішу нашага фестывалю ўпрыгожвае дзяржаўны маладзёжны тэатр. А яшчэ цікава, што іх спектакль "Судакрананне" паставіла наш віцебскі харэограф. Яго прэм'ера прайшла ў мінулым годзе ў Мінску. Гэта вельмі цёплае дзейства, тэма яго вельмі актуальная, патрэбная, добрая, гуманная - як людзі патрэбны адзін аднаму. Ён добры, мяккі яшчэ і візуальна, напэўна, таму што касцюмы ў артыстаў звязаны, і яны мяккія і добрыя. Гэта спараджае нейкую асаблівую дзіцячасць, цеплыню. Усім рэкамендую яго паглядзець, і нават дзецям з бацькамі", - падзялілася дырэктар фестывалю.

Генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Глеб Лапіцкі, які таксама ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, расказаў, што білеты на асноўныя мерапрыемствы IFMC яшчэ даступны, але самыя "смачныя" месцы аматары сучаснай харэаграфіі разабралі. Ён таксама дадаў, што добрае супрацоўніцтва дырэкцыі з Рэспубліканскім палацам культуры прафсаюзаў у бягучым годзе прадоўжыцца, і ў Мінску таксама пройдуць паказы харэаграфічных спектакляў.

БелТА


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг